viasna on patreon

Па скарзе апазіцыянера віцебская пракуратура “пакарала” чыноўніка -- заўвагай

2015 2015-02-05T10:52:29+0300 2015-02-05T10:52:29+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/chynouniki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў скардзіўся на намесніцу кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна, якая забараніла яму праводзіць пікет, парушыўшы пры гэтым заканадаўства. Але службовую заўвагу за парушэнне атрымаў спецыяліст ідэалагічнага аддзела.

Ян Дзяржаўцаў распавёў, што яны з аднапартыйцам Пятром Сарапенем падавалі на імя старшыні адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска заяву аб правядзенні пікета 7 лістапада 2014 года. Пікет быў забаронены. Пра гэта заяўнікам паведамілі ў лісце ад імя намесніцы кіраўніка адміністрацыі Вольгі Гурчанка.

Ліст і стаў падставай для звароту ў Віцебскі аблвыканкам і пракуратуру, гаворыць Ян Дзяржаўцаў:

"Адказ датаваны 3 лістапада, а пікет мы збіраліся праводзіць 7-га. Заканадаўства прадпісвае, каб адказ на заяўку аб масавым мерапрыемстве быў дадзены не меней як за 5 дзён. Часу ў чыноўнікаў было дастаткова, каб разгледзець заяўку і прыняць рашэнне: мы звярталіся ў райвыканкам за тры тыдні да пікета. Але часу ім не хапіла ўсё адно, і не толькі на своечасовы адказ. Мы атрымалі ліст без подпісу, толькі з пазначэннем дадзеных і пасады чыноўніцы. Я расцэньваю гэта як непавагу да грамадзян, інтарэсы і правы якіх мусіць бараніць дзяржаўная ўлада! Лічу, што тут быў парушаны закон і мае правы. А таму прасіў, каб вінаватых пакаралі".

Аблвыканкам пакінуў скаргу Дзяржаўцава без разгляду па сутнасці. У лісце, падпісаным кіраўніком справаў Аляксеем Мацюшкам паведамлялася, што “ў адпаведнасці з абзацам трэцім пункту 1 артыкулу 15 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” скарга пакінута без разгляду”, бо яна “падлягае разгляду ў судовым парадку”.

У заяве ў пракуратуру Ян Дзяржаўцаў прасіў прымяніць да вінаватых меры пракурорскага рэагавання. І атрымаў адказ за подпісам пракурора Віцебска, старшага дарадцы юстыцыі Юрыя Раманоўскага: “Пракуратура горада правяла праверку законнасці дзейнасці службовых асоб адміністрацыі Першамайскага раёна”, і “прынятыя меры пракурорскага рэагавання” . Якое пакаранне панеслі вінаватыя, паведаміць спадару Дзяржаўцаву ніхто не палічыў патрэбным, і ён асабіста прыйшоў у пракуратуру, каб пра гэта даведацца.

Вынік аказаўся нечаканы, кажа Ян Дзяржаўцаў:

"Я змог дамагчыся толькі вуснага адказу ад пракурора Юліі Лазарэнкі, якая непасрэдна займалася справай. Яна прачытала мне з нейкага дакумента, копію якога даць адмовілася: што за парушэнне - не ясна, каторае з двух – пакаралі спецыяліста аддзела па ідэалогіі, справах моладзі і турызму Паўла Галавача. Пакаранне было "страшнае" – службовая заўвага. І дасталося яно "стрэлачніку", а не намесніцы кіраўніка адміністрацыі, якая не падпісала ліст, накіраваны нібыта ад ейнага імя, ды яшчэ са спазненнем".

Сітуацыя, на думку спадара Дзяржаўцава, сведчыць пра глыбокую непавагу чыноўнікаў да грамадзян. Прычам чыноўнікі адчуваюць поўную беспакаранасць, калі парушаюць і заканадаўства, і нібыта гарантаваныя дзяржавай правы беларусаў.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства