viasna on patreon

Шклоўская калонія, дзе ўтрымліваецца Мікалай Статкевіч, адзначае юбілей

2015 2015-02-08T09:20:33+0300 2015-02-08T09:20:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sklouskaja_kalonija-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Шклоўская раённая газета “Ударны фронт” (№9 ад 4 лютага 2015 г.) змясціла на сваіх старонках вялікі артыкул, прысвечаны поспехам і дасягненням мясцовай папраўчай калоніі №17. Матэрыял “ПК-17: гісторыя і сучаснасць” быў надрукаваны ў газеце адмыслова да 35-гадовага юбілею гэтай папраўчай установы, які адзначаецца ў лютым гэтага года.

Папраўчая калонія №17 агульнага і пасіленага рэжыму прызначана для асоб, якія ўпершыню адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. Як паведамляе газета “Ударны фронт”, зараз у калоніі адбываюць пакаранне 1270 асуджаных па самых розных артыкулах КК – ад бытавых злачынстваў да забойстваў і карупцыйных злачынстваў. Працуе ў калоніі 65 атэставаных супрацоўнікаў. Ахову і нагляд за асуджанымі ажыццяўляюць ваеннаслужачыя 4-й асобнай стралковай роты в/ч 6713.

Калонія падзяляецца на жылую і прамысловую зоны. У вытворчай зоне – РУП “Сямнаццаць” – функцыянуе абутковая, швейная вытворчасць, дрэваапрацоўка. Згодна шклоўскай раёнкі, у калоніі 100% працаўладкаванне, за выключэннем пенсіянераў і інвалідаў. Асуджаныя занятыя на вытворчасці і на гаспадарчых працах. На дадзены момант штатная колькасць РУП “Сямнаццаць” складае 55 чалавек грамадзянскага персанала і 13 атэставанага.

У жылой зоне знаходзяцца атрадныя памяшканні, сталовая, клуб, царква і спартыўны гарадок. Згодна “Ударнага фронта”, парадак у калоніі будуецца на армейскіх прынцыпах – на калідорах стаяць дзяжурныя, а інтэрнаты арганізаваны па казарменым тыпе.

За добрыя паводзіны асуджаным аб’яўляюць падзякі, выдзяляюць дададковае спатканне з блізкімі. За парушэнні – караюць 10 суткамі ў ШІЗА альбо 6 месяцамі ў памяшканні камернага тыпу.

“Галоўная мэта нашай працы – выпраўленне асуджанага, - кажа начальнік ПК-17 палкоўнік Сяргей Ермаліцкі. - …Мы нясём адказнасць за кожнага асуджанага, за тое, якім ён выйдзе на свабоду. Таму і ўмоўна-датэрміновае вызваленне тут атрымаць не вельмі проста. Галоўнае пры гэтым – імкненне самога асуджанага да добрапрыстойнага жыцця, бо менавіта на гэтым грунтуецца рашэнне камісіі па УДВ”.

Нагадаем, што ў свой час у шклоўскай ПК-17 адбывалі пакараранне цэлы шэраг беларускіх палітвязняў – Зміцер Дашкевіч, Алег Гнедчык, Аляксандар Класкоўскі, Уладзімір Лобан, Дзмітрый Новік, Арцём Пракапенка, Мікалай Дзядок. Адбывае тут свой тэрмін і кандыдат у прэзідэнты РБ на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, які менавіта з шклоўскай калоніі ў лютым 2011 быў быццам бы за парушэнні рэжыму ўтрымання быў пераведзены ў Магілёўскую турму №4, а ў студзені 2015 года вернуты назад. Пасля свайго вяртання ў ПК-17 палітвязень ужо паспеў атрымаць некалькі новых спагнанняў быццам бы за новыя “парушэнні рэжыму”. Для палітвязняў у “паказальнай” шклоўскай ПК-17 былі створаны вельмі цяжкія ўмовы адбыцця пакарання.

Начальніку Шклоўскай ПК-17 палкоўніку Ермаліцкаму Сяргею Уладзіміравічу ў кастрычніку 2011 года быў забаронены ў’езд у краіны Еўрапейкага Саюза за жорсткае абыходжанне са зняволенымі і пераслед Мікалая Статкевіча. Рашэннем кіраўніцтва Еўрапейскага Саюза ад 24 сакавіка 2012 года за ціск на палітвязняў візавыя санкцыі былі пашыраныя яшчэ на двух супрацоўнікаў “паказальнай” калоніі – Ігара Алейнікава і Вадзіма Шаменава.

Шклоўскія старажылы памятаюць, як у свой час камбінаце будаўнічых матэрыялаў і вырабаў пры калоніі, папярэдніку РУП “Сямнаццаць”, працаваў і будучы кіраўнік нашай краіны Аляксандр Лукашэнка. Некаторыя з іх сцвярджаюць, што Аляксандр Рыгоравіч быў і непасрэдным супрацоўнікам ПК-17, аднак афіцыйная біяграфія кіраўніка краіны пра гэта чамусьці не ўзгадвае.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства