viasna on patreon

Сындром пераседжанасьці або Вынікі працяглай сацыяльнай ізаляцыі

2015 2015-02-09T12:17:43+0300 2015-02-09T12:17:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/turma_3.jpg
Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Заставацца за кратамі такім, як на волі, арыгінальным, незалежным ды непадобным да іншых — гэта, па мерках месцаў пазбаўленьня волі, найгоршы з грахоў. Тут не ўхваляюць асабістай ініцыятывы, чалавек ўвесь час змушаны быць такім, як усе, «вядзёным». Інакш ён можа ператварыцца ў ізгоя.

У сваёй кнізе «Турма і здароўе» доктар мэдыцыны, колішні вязень сумленьня Юры Бандажэўскі спасылаецца на меркаваньні некаторых замежных псыхолягаў, якія вывучалі эвалюцыю паводзінаў людзей за кратамі. Паводле дасьледчыкаў, пасьля пяці гадоў адседкі бадай у кожнага зь сядзельцаў пачынаюцца істотныя зьмены ў псыхіцы, дэфармацыя асобы. Чалавек становіцца недаверлівым, няшчырым, забывае засвоеныя ім раней сацыяльныя навыкі. Прыкладна тое самае сьцьвярджалі і вязьні савецкага ГУЛАГу: перамены ў самім сабе пачынаеш адчуваць, калі ў турэмным тэрміне зьяўляецца літара — мяккі знак: «пяцЬ», «шэсЬцЬ» гадоў і гэтак далей.

 

Усе кошты пералічваюцца ў пачкі цыгарэт

Паводле Юрыя Бандажэўскага, выйшаўшы зь вязьніцы пасьля пяцігадовай ці даўжэйшай адседкі, чалавек нярэдка адчувае сябе бездапаможным у вольным грамадзтве, дзе спакойна існаваў не адно дзесяцігодзьдзе.

«Думаю, што крытычным часам або пэрыядам для зьняволенага зьяўляецца выхад на волю — да гэтага трэба рыхтавацца ня толькі яму, але і яго блізкім», — адзначае аўтар кнігі «Турма» і здароўе». Для самога Бандажэўскага адным з самых стрэсавых момантаў шасьцігадовага зьняволеньня стаў кароткі адпачынак у Менску, які яму дазволіла ўзяць кіраўніцтва калёніі-паселішча ў Гезгалах — самага апошняга прыстанку ў ягонай турэмнай біяграфіі. Для палітвязьня шмат што аказалася стрэсавым — ад яркасьці вечаровага гораду да незразумелых нулёў на цэньніках у крамах. Пра гэтае новае жыцьцё ён нічога ня ведаў.

Як адбіваецца на псыхалёгіі чалавека працяглае турэмнае пакараньне, якія мэты рэальна перасьледуе правасудзьдзе, прызначаючы чалавеку той ці іншы тэрмін? Што нясе шматгадовае ўтрыманьне зьняволенага за кратамі — выпраўленьне, або ізаляцыю, або дэфармацыю асобы, каваньне кадраў злачынцаў?

Моладзевы актывіст, фігурант па справе Плошчы 26-гадовы Эдуард Лобаў крыху больш за месяц таму выйшаў на волю пасьля чатырохгадовай адседкі. Неўзабаве пойдзе працаваць, а цяпер з дапамогай блізкіх аднаўляе забытыя за час зьняволеньня элемэнтарныя бытавыя навыкі.

«Зьмены, якія адбыліся з Эдзікам за гэтыя чатыры гады, вельмі бачныя, — кажа яго маці Марына. — Такое адчуваньне, што нешта нібыта выпала з памяці. Вядома, гэта адчуваецца, прычым на побытавым узроўні. Чалавек забывае, як карыстацца тымі ж бытавымі прыборамі, адвыкае ад таго, што трэба згатаваць сабе самому нешта паесьці. Тыя навыкі, якія чалавек зь дзяцінства атрымлівае ў сям’і, яны зьнікаюць у калёніі. Сваімі паводзінамі дзеці, якія вырасьлі ў сям’і, пачынаюць нагадваць выхаванцаў інтэрнату. Чалавека нібыта павінен нехта весьці за сабой. Вось яго прывялі ў сталоўку, паклалі нешта ў талерку, ён паеў. Няважна, сыты ён ці не. У яго няма ўяўленьня, што ён можа нешта дастаць сябе зь лядоўні, згатаваць сабе ежу. Зь сьвядомасьці нібы выпадаюць нейкія самыя элемэнтарныя рэчы. Яшчэ чалавек страчвае арыентацыю ў родным горадзе, бо шмат што за час адседкі тут зьмянілася. І да гэтага досыць цяжка прывыкнуць. Даводзіцца нанава асвойваць кампутар, тэлефон, бо ў той час яшчэ не было сэнсарных экранаў. Абсалютна няма арыентацыі ў грошах. Яшчэ ў калёніі я чула, калі называла нейкую суму, просьбу перавесьці гэта на пачкі або блёкі цыгарэт. Таму што канвэртавальная валюта за кратамі — менавіта цыгарэты. Шмат іншай, здавалася б, драбязы, якая патрабуе часу для вяртаньня ў памяць, каб ізноў апынуцца ў звычайнай каляіне».

«Я нават не ўяўляю — а што з тымі людзьмі, якія сядзяць па 10–20 гадоў? — кажа Марына Лобава. — Ужо не кажу пра фізычны стан былых вязьняў. У сына яшчэ не было нармальнага мэдабсьледаваньня. Безумоўна, на здароўе, працу асобных органаў уплываюць і атрыманыя там шматлікія псыхалягічныя траўмы. Яны могуць быць пакуль нябачнымі, але потым праявяцца».

 

Міхаіл Хадаркоўскі: «Гэта былі дзесяць цалкам бессэнсоўных гадоў» 

 Асуджаны ў 2003 на 13 гадоў зьняволеньня расейскі прадпрымальнік Міхаіл Хадаркоўскі, у сьнежні 2013 быў памілаваны прэзыдэнтам Пуціным. Цягам дзесяці гадоў утрымліваўся у некалькіх СІЗА ды калёніях Расеі, дзе супраць яго рабіліся розныя правакацыі, у тым ліку, узброены напад з боку ЗК. Увесь час, праведзены ў няволі, Хадаркоўскі назваў страчанымі гадамі.

«Я гэтыя дзесяць гадоў пражыў як належыць жыць паводле закону кожнаму зэку. Нейкія навыкі згубіў, нейкія навыкі наадварот набыў… Я абсалютна абыякавы да бытавых умоваў, я абсалютна абыякавы да ежы… Тое, што дабівала — гэта бессэнсоўнасьць існаваньня…Я працаваў штодня па восем гадзінаў. Я займаўся глупствам, я марнаваў свой каштоўны час... Страта часу на працягу доўгіх гадоў ёсьць самым прыкрым у зьняволеньні», — сказаў пасьля вызваленьня палітвязень ў інтэрвію маскоўскай журналістцы Яўгеніі Альбац.

 

Толькі б не адбылося скажэньня асабовасьці

Маці асуджанага на 8 гадоў зьняволеньня палітвязьня Ігара Аліневіча — Валянціна Аліневіч кажа: як і многія іншыя блізкія тых, хто сядзіць за кратамі, яна вельмі баіцца таго, што завецца скажэньнем асобы.

«Ёсьць страхі і за здароўе, і за жыцьцё сына. Ад гэтых думак нікуды не схаваесься. Аднак зьменаў у псыхіцы таксама баісься. Я часта бачу перад вачыма твар аднаго маладога хлопца, зь цёткай якога пазнаёмілася падчас спатканьня зь Ігарам. Той хлопец сеў за забойства па неасьцярожнасьці. Падчас суду ў яго памёр бацька, неўзабаве пасьля суду раптоўна памерла маці. Ён застаўся адзін, да таго ж трапіў у ня надта добрую сытуацыю ў калёніі. І вось на ўсім гэтым фоне пачаліся зьмены ў псыхіцы. Цётка, якая прыехала да яго на спатканьне, была ў разгубленасьці. Я сказала ёй: вы павінны як толькі можна выцягваць хлопца з гэтай сытуацыі сваёй увагай. Неабходна, каб гэтая нітачка чалавечай падтрымкі ні ў якім разе не абрывалася. Для таго каб чалавек выжыў у турме і псыхалягічна, і фізычна, неабходная падтрымка, у першую чаргу, з боку блізкіх».

— Ваш сын за кратамі ўжо пяты год. Што непакоіць вас як маці? Як вы ацэньваеце свой уласны стан, а таксама стан іншых сямейнікаў? Бо вельмі справядліва кажуць, што разам са зьняволенымі сядзяць і іх сваякі.

«Тое, што зьмены ёсьць, — гэта абсалютна. Але я, напэўна, застаюся аптымістам, і мне хочацца спадзявацца, што моцны чалавек, які не пасуе перад абставінамі, усё ж здолее іх пераадолець. Асаблівасьць нашай сытуацыі ў тым, што мы з самага пачатку былі ўпэўненыя ў Ігару, ведалі, што ён невінаваты. Гэта было адной з крыніц яго падтрыманьня духу. Іншай крыніцай было тое, што ніхто ні з блізкіх, ні зь сяброў ад яго не адвярнуўся. Вельмі важную ролю адыграў круг чытаньня. Цяпер у Ігара іншыя прыярытэты, а першыя гады гэта была лягерная літаратура, якая падказвала яму, як сябе паводзіць у тых умовах, якіх памылак можна пазьбегнуць».

Валянціна Аліневіч ня ведае, якія ўсё ж мэты мае беларуская турма, акрамя зьнявагі чалавека. Няма аніводнага аргумэнта за тое, што яна перавыхоўвае парушальніка закону, вяртае яго да соцыюму, дапамагае яму разьвіваць здольнасьці ды навыкі... Гэта нават пры тым, што сярод супрацоўнікаў калёніі ёй сустракаліся цалкам годныя і нават прыемныя людзі. Праблема беларускай турмы ў яе закрытасьці, — лічыць маці палітвязьня. Зьмяніць жа турэмную сыстэму, лічыць Валянціна Аліневіч, можна толькі празь пільную ўвагу грамадзтва да яе.

 

«Тэрапэўтычны» эфэкт беларускай турмы — страх

Ці мае нейкае абгрунтаваньне працягласьць канкрэтнага турэмнага тэрміну, які, па ідэі, павінен весьці да выпраўленьня ці хоць бы забясьпечваць ізаляцыю? Чаму той жа анархіст, нават калі ён і зрабіў замах на дзяржмаёмасьць, мусіць, умоўна кажучы, адседзець тыя ж сем год, што і забойца ці маньяк-пэдафіл? Чаму гэтыя правапарушальнікі сядзяць разам, незалежна ад таго, хто якое злачынства зьдзейсьніў? Гэта мінус ці плюс нашай айчыннай пэнітэнцыярнай сыстэмы? На гэтыя пытаньні адказвае кандыдат псыхалягічных навук Аляксандар Прудзіла з Горадні, які дваццаць гадоў праводзіў судова-псыхалягічныя экспэртызы.

«Ёсьць такая краіна Японія. Там забароненыя ўсе крайнія палітычныя партыі, рухі і аб’яднаньні. Крайне правыя і крайне левыя. — Японія як прыклад, бо я зь японцамі згодны. Але, на маю думку, анархізм — ён пасярэдзіне. Анархіста турэмны тэрмін ня выправіць. Гэта называецца „пазытыўнае падмацаваньне“ таго, што ён меў рацыю, бо любая ўлада, дзяржава — яна абмяжоўвае свабоду чалавеку, які не забіў, ня скраў. З таго, што іх пасадзілі, у 90% выпадкаў нічога ня будзе, іх толькі ўмацоўваюць у веры. Як некалі Бакуніна, князя Крапоткіна, якога праклялі і царква, і цар, і нават бальшавікі».

Аляксандар Прудзіла перакананы, што анархісты ў сучасных беларускіх умовах ня могуць уяўляць небясьпеку для грамадзтва. Яны проста трапілі ў разрад палітычных вязьняў. Улада заняла вельмі жорсткую пазыцыю адносна іх, але цынічна заяўляе, што ніколі ня чула пра такіх зьняволеных.

«Нават пры Мікалаю ІІ палітычных трымалі асобна. Сёньня Мікалая Статкевіча — то яго туды, то сюды, гэта называецца псыхалягічным, маральным узьдзеяньнем. Яны павінны быць асобна. Але ў гэтай краіне гэтага быць ня можа. Як той казаў на апошняй прэсавай канфэрэнцыі? У нас палітычных артыкулаў няма! Усе крымінальнікі...»

Як абгрунтоўваюцца тэрміны зьняволеньня? Чаму саджаюць за краты на вялікія тэрміны, калі чалавек, ягоныя ўчынкі не пагражаюць жыцьцю і здароўю іншых? Як уплываюць на чалавека гады турмы?

«Па-першае, лічбы гэтыя — пяць гадоў ці дзесяць — узятыя „са столі“. Уплыў залежыць ад індывідуальнасьці чалавека. Калі вяртацца да анархістаў: што турма зь ім зробіць? Альбо што зробіць турма з гвалтаўніком? Турма не выпраўляе. Гэта даўно высьветліла біхэвіяральная псыхалёгія (псыхалёгія паводзінаў). Можа, я ўжо гэты прыклад прыводзіў: быў фільм з Жанам Габэнам, які хацеў абрабаваць банк, але яго пасадзілі на дзесяць гадоў. Увесь тэрмін ён прадумваў ідэальны плян рабунку.

Турма не выпраўляе. Я дваццаць год праводзіў судова-псыхалягічныя экспэртызы. Самае цяжкае для мяне было — хадзіць у гэтую турму. Пачынаючы з паху там. І таму, што яна не выпраўляе злачынцаў. У мяне пара знаёмых былі, яны сядзелі ў швэдзкай і фінскай турмах. У Фінляндыі, дарэчы, п’яных за рулём садзяць на два гады ў турму. Але там тэлевізар, кампутар.

Беларуская турма яшчэ нікога ня выправіла. Яна ці паламала чалавека, ці зьнявечыла яго здароўе. Нічога яна добрага ня робіць. Максымум — страх: чалавек выйшаў — і ўсё жыцьцё баіцца. Яна ўсяляе ў яго страх. І гэты страх тут ужо дваццаць гадоў».

 

Мінакі ў Горадні пра пакараньні і пакараных

Ці трэба скарачаць працягласьць адбываньня пакараньня для тых, хто не ўяўляе небясьпекі для жыцьця ды здароўя іншых? А для тых, хто сядзіць доўга, ці варта паляпшаць умовы, каб яны не сядзелі цэлы час як у замкнёных клетках?

Як паказала апытаньне, большасьць гарадзенскіх мінакоў выказаліся за тое, што пры вызначэньні тэрміну пакараньня па-рознаму трэба падыходзіць да тых, хто ўяўляе і не ўяўляе небясьпекі для жыцьця ды здароўя іншых. Таксама гэтыя злачынцы не павінны адбываць пакараньне разам, у адных і тых жа камэрах. Што да паляпшэньня ўмоваў утрыманьня і скарачэньня тэрмінаў адседкі, тут меркаваньні падзяліліся.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства