viasna on patreon

Павел Сапелка: Мяне заўсёды насцярожвалі яркія дасягненні судовай статыстыкі

2015 2015-02-13T14:36:38+0300 2015-02-13T14:41:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sapelka-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка

Павел Сапелка

Пад час пашыранага паседжання Прэзідыума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь 11 лютага, ягоныя кіраўнікі - Старшыня ВС Валянцін Сукала і намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Валерый Калінковіч, падводзячы вынікі 2014 года, адзначалі, што судова-прававая рэформа, якая праводзіцца ў краіне, дала пазітыўныя вынікі, а абраная стратэгія і мадэль нацыянальнага правасуддзя з'яўляюцца правільнымі.

Так, Валерый Калінковіч адзначыў, што ва ўмовах станаўлення судовай сістэмы Беларусі ў яе новай якасці судамі забяспечвалася адкрытасць і даступнасць правасуддзя, законнасць пры разглядзе большасці спраў. Так, у 2014 годзе не было дапушчана выпадкаў неабгрунтаванага асуджэння грамадзян. Захаваліся ў цэлым ўзважаныя падыходы да прызначэння пакарання па крымінальных справах, прымяненню інстытутаў вызвалення ад крымінальнай адказнасці.

Юрыст-правабаронца Павел Сапелка скрозь шум пераможных чыноўніцкіх фанфараў заўважае зусім іншыя, больш празаічныя ноткі:

“Мяне заўсёды насцярожвалі яркія дасягненні беларускай судовай статыстыкі. Кіраўнікі Вярхоўнага Суда рапартуюць і ганарацца тым, што ў 2014 годзе не было дапушчана выпадкаў неабгрунтаванага асуджэння грамадзян. Можна назваць гэтае дасягненне крыху інакш: ніводны несправядліва асуджаны не дамогся адмены прысуду, вынесенага ў 2014 годзе! Гэта асабліва сумна на фоне адмены прысудаў у дачыненні да 852 асоб за папярэднія гады. Так хутка сістэма стаць дасканалай не магла, і мне здаецца, што такія «дасягненні» сведчаць толькі аб зніжэнні шанцаў на хоць і запозненае, але аднаўленне справядлівасці”.

На сайце Вярхоўнага суда прыводзяцца наступныя лічбы: У 2014 годзе адмененыя ў касацыйным, апеляцыйным, наглядным парадку прысуды ў дачыненні да 852 асоб, 1694 рашэнні па грамадзянскіх справах і судовыя пастановы па 287 справах, разгледжаных эканамічнымі судамі (у 2013 годзе - 861, 1775 і 316 адпаведна) і па адміністрацыйных справах. Таму ў бягучым годзе павінна быць працягнутая праца па далейшаму паляпшэнню якасці правасуддзя.

Каментуючы гэтую статыстыку Павел Сапелка сумняецца ў бездакорнай працы беларускіх судоў:

“Мяне, напрыклад, высокі працэнт адмены і змены прысудаў, рашэнняў і пастаноў не бянтэжыў бы. Гэта азначае, што сістэма "жывая", адкрыта для альтэрнатыўных поглядаў і вольная ад боязі прызнаць памылку. Пры такіх падыходах ў грамадзяніна ёсць абгрунтаваная ўпэўненасць у тым, што памылка, недапрацоўка ці злоўжыванне суддзі будуць прадметам аб'ектыўнай ацэнкі вышэйстаячай судовай інстанцыі. У адваротным выпадку, абвінавачаны аб'ектыўна або суб'ектыўна трапляе ў пастку: ён альбо не стане сам пісаць бескарысныя ў такіх выпадках скаргі, або яго скаргі вярнуцца з фармальнай адпіскай аб тым, што папярэднія судовыя пастановы законныя і абгрунтаваныя. Так што сцвярджэнне аб тым, што суды працавалі амаль бездакорна - гэта свайго роду індульгенцыя суддзям, адабрэнне бачнай эфектыўнасці іх дзейнасці”.

У падцверджанне сваіх слоў Сапелка нагадаў нашумелую справу Міхаіла Гладкага:

“Вось прыклад Міхаіла Гладкага. За лёс гэтага чалавека павінна быць сорамна ўсім складнікам сістэмы правапрымянення, якія мелі дачыненне да яго справы: аператыўным супрацоўнікам міліцыі, следчым, экспертам, адвакатам, суддзям. Не хачу сказаць, што ён быў прыкладным і ўзорным; хутчэй - не. Маленькі чалавек ва ўсіх сэнсах гэтага слова... Калі яго затрымалі, і пазней, у працэсе расследавання і ў судзе, ён расказаў тое, што сам ведаў пра гэтую справу: ударыў сякерай, як пазней аказалася, мёртвае цела. Нічога не дадумаў і не схаваў, аддаў сябе, як гаворыцца, у рукі правасуддзя, гатовы быў адказаць за ўчыненае. І ўся сістэма пакацілася па знаёмай, накатанай каляіне: прызнаў віну - вінаваты. І нават самыя відавочныя «вуглы» не палічылі неабходным згладзіць, самыя простыя альтэрнатыўныя версіі не парупіліся адпрацаваць - як жа, навошта губляць час - 7 гадоў адбытага пакарання, у тым ліку пяць - у калоніі; развалілася сям'я, зламанае жыццё. І ў выніку - жорсткая адмова ў прызнанні права на пакрыццё шкоды. Не ў кампенсацыі нейкай канкрэтнай маральнай шкоды ў пэўнай суме - не, у прынцыпе, у праве на пакрыццё шкоды! Хтосьці чакаў іншага выніку? Прызнаюся, я чакаў. Але бянтэжыла тое, што яшчэ ў красавіку 2014 года “ў Вярхоўным Судзе” распавялі, што кампенсацыя яму не дазволеная ... Што рабіць пасля гэтага суддзі? Прымаць самастойнае рашэнне?”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства