Упраўленьне юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму падало зыск у абласны суд аб ліквідацыі Гомельскага абласнога грамадзкага жаночага аб'яднаньня “Ініцыятыва”.
Пра гэта паведаміла старшыня аб'яднаньня Галіна Скараход, якая атрымала павестку зьявіцца на размову ў суд 20 кастрычніка .
Па словах Галіны Скараход, зыскавая заява ёй не дасланая: “Відавочна, мне дадуць яе ў судзе падчас размовы”. Пакуль жа кіраўнік толькі мяркуе пра магчымыя прычыны ліквідацыі “Ініцыятывы”.
Адным з парушэньняў, за якое аб'яднаньне атрымала пісьмовае папярэджаньне ў жніўні гэтага году, стала разьмяшчэньне яе юрыдычнага адрасу ў жылым доме. Паводле ўказаньняў ўпраўленьня юстыцыі, спн.Скараход знайшла новае памяшканьне пад юрыдычны адрас у вёсцы Яроміна, што ў прыгарадзе Гомеля. Увесь пакет дакумэнтаў старшыня перадала на разгляд у выканкам Гомельскага раёну, дзе ёй паведамілі, што дакумэнтьы будуць разглядацца на паседжаньні 23 верасьня.
“Я паведаміла пра гэта ва ўпраўленьне. І праз колькім дзён атрымала адтуль ліст, што калі да 23 верасьня я не прадстаўлю новы юрадрас, то да аб'яднаньня будуць ужытыя меры ўзьдзеньня”, - кажа спн.Скараход. Але ні 23 верасьня, ні зараз выканкам Гомельскага раёну не прыняў рашэньне па просьбе ГА “Ініцыятыва”.
“Фактычна “вэртыкаль” падвяла наша аб'яднаньне пад ліквідацыю”, - адзначыла старшыня.
Прэс-служба Асамблеі НДА.