viasna on patreon

Праваабаронцы сустрэліся са спецдакладчыкам ПАСЕ Андрэа Рыгоні

2015 2015-02-25T23:30:00+0300 2015-02-26T13:08:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rygoni.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Cпецдакладчык ПАСЕ Андрэа Рыгоні

Cпецдакладчык ПАСЕ Андрэа Рыгоні

Афіцыйны візіт Спецдакладчыка Камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Андрэа Рыгоні ў Рэспубліку Беларусь працягнуўся 25 лютага сустрэчаю з прадстаўнікамі вядучых грамадскіх праваабарончых арганізацый: Праваабарончага цэнтру “Вясна”, РПГА “БХК”,  ГА “БАЖ” і Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend.
Перад візітам еўрапарламентарыя Андрэа Рыгоні ў Беларусь паведамлялася, што спецдакладчык мае на мэце закрануць пытанні, звязаныя з палітвязнямі, правамі чалавека і свабодай СМІ, заслухаўшы пры гэтым розныя бакі і погляды.  

Па словах намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, які прымаў удзел у сустрэчы, у гэтым рэчышчы і адбылася канструктыўная размова аб стане грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Была абмеркаваная сітуацыя з адменаю смяротнага пакарання ў Беларусі і адзначана, што вялікага жадання ў кіраўніцтва краіны нешта змяніць не заўважаецца. Апошнія выказванні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пад час прэс-канферэнцыі 28 студзеня наконт смяротнага пакарання – “каб мы за наўмыснае забойства ставілі чалавека да сценкі” – таму яскравае падцверджанне.

Не засталася па-за ўвагай Спецдакладчыка ПАСЕ і тэма палітычных зняволеных у Беларусі, а таксама сітуацыя са свабодай сродкаў масавай інфармацыі. Андрэа Рыгоні быў праінфармаваны пра захады беларускіх уладаў у дачыненні да блакавання сайтаў у інтэрнэце. Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі, што асаблівых станоўчых зрухаў за апошні час у гэтай сферы не адбылося.

Рыгоні паведаміў праваабаронцам, што пад час сустрэчы са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай абмяркоўвалася магчымасць запрашэння на прэзідэнцкія выбары 2015 года місіі назіральнікаў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.

Папярэдняя справаздача пра вынікі візіту ў Беларусь Рыгоні будзе прадстаўленая  18 сакавіка палітычнаму камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Савета Еўропы. Што датычна прэзэнтацыі ягонага поўнага дакладу на пленарным паседжанні Асамблеі – дакладныя тэрміны пакуль ня вызначаныя, хутчэй за ўсё гэта адбудзецца ў другой палове 2015 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства