Журналісту Дэвіду Кроўфарду адмовілі ў беларускай візе
У сувязі з гэтым сустрэча ў межах “Прэс-клуба Беларусь” 27 лютага зменіць фармат на вэбінар. На яго ж запрашаюць і журналістаў, што запісаліся на майстар-класДэвіда Кроўфарда ў суботу.
Дэвід Кроўфард, шматгадовы карэспандэнт The Wall Street Journal Europe, збіраўся прыехаць у Беларусь, каб распавесці пра працу арганізацыі журналісцкіх расследаванняў CORRECT!V, якая месціцца ў Берліне і займалася тэмай крушэння малазійскага авіялайнеру на ўсходзе Украіны ў 2014 годзе.
У сераду арганізатары сустрэчы паведамілі, што ў самы апошні момант беларускія ўлады адмовілі журналісту ў выдачы ўязной візы.
– Як вядома, беларускія дыпламатычныя прадстаўніцтвы ніколі не тлумачаць прычынаў адмовы ў выдачы візы таму ці іншаму замежнаму грамадзяніну. Мы асабіста сутыкнуліся з такім упершыню і вельмі спадзяемся, што гэты выпадак стане і апошнім. Бо на нашы сустрэчы прыходзяць прадстаўнікі і дзяржаўных, і недзяржаўных СМІ. Тут ёсць магчымасць сустракацца з цікавымі выступоўцамі, абмяркоўваць падзеі, падвышаць свой уласны прафесійны ўзровень. Вельмі спадзяемся, што такая магчымасць у беларускіх журналістаў будзе і далей, – распавяла прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” кіраўніца “Прэс-клуба Беларусь” Юлія Слуцкая.
– Што тычыцца сустрэчы з Дэвідам Кроўфардам у пятніцу, то яна не адмяняецца, а проста зменіць свой фармат на вэбінар. Вядомы журналіст-даследчык выйдзе на сувязь з прысутнымі і абяцае падзяліцца абсалютна ўсім запланаваным матэрыялам і тэхналогіямі. У суботу, 28 лютага, у нас планаваўся і майстар-клас з Дэвідам. Ён, на жаль, адмяняецца. Але ўсіх, хто запісаўся на майстар-клас, мы запрашаем да ўдзелу ў не менш цікавым вэбінары ў пятніцу, 27 лютага, – дадала Юлія Слуцкая.
Сустрэча адбудзецца а 15- гадзіне ў Галерэі TUT.BY па адрасе: пр-т Дзяржынскага, 57, 9 паверх. Для ўдзелу ў ёй неабходна зарэгістравацца.
Весці сустрэчу запрошаная вядомая ўкраінская журналістка і блогерка Крысціна Бердынскіх, якая працуе ў часопісе “Новое время” і вядзе праграму “Громадское на русском” на аднайменным тэлеканале.