viasna on patreon

Алесь Бяляцкі стаў ганаровым грамадзянінам Сіракузы

2015 2015-02-26T19:00:36+0300 2015-02-27T12:42:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialiacki-siracusa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мэр Сіракузы Джанкарла Гароцца ўзнагароджвае Алеся Бяляцкага

Мэр Сіракузы Джанкарла Гароцца ўзнагароджвае Алеся Бяляцкага

26 лютага гарадскія ўлады Сіракузы (італьянскі рэгіён Сіцылія) прысвоілі беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму ганаровае грамадзянства "горада міру і правоў чалавека".

Урачыстая цырымонія праходзіла ў зале імя Паала Барселіна з удзелам мэра горада Сіракуза Джанкарла Гароца, старшыні гарадскога савета Антоніа Сула, дэпутатаў гарадскога муніцыпалітэта, прадстаўнікоў розных няўрадавых арганізацый і актывістаў Групы 85 Amnesty International - Італія, якая была ініцыятарам ушанавання беларускага праваабаронцы.

Рашэнне аб прысваенні Алесю Бяляцкаму звання Ганаровага грамадзяніна Сіракузы, па прапанове гарадскога мэра, было аднагалосна прынята дэпутатамі ў выніку галасавання 11 лістапада 2014 года. Дэпутаты палічылі, што беларускі праваабаронца "ў поўнай меры ўпісваецца і адпавядае" культурным традыцыям горада Сіракуза, які быў абвешчаны "горадам міру і правоў чалавека".

Гэта падкрэсліваецца ў рашэнні дэпутатаў муніцыпалітэта, якое яны прынялі, “разгледзеўшы заяву кіраўніка горада аб прадастаўленні ганаровага грамадзянства Алесю Бяляцкаму, старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна", улічваючы, што ён быў неабгрунтавана арыштаваны і прыцягнуты да прымусовай працы, улічваючы, што ён быў прызнаны Amnesty International вязнем сумлення і з'яўляецца мужным абаронцам правоў чалавека і ў поўнай меры ўпісваецца і адпавядае культурным традыцыям нашага горада, што быў абвешчаны "горадам свету і правоў чалавека".

Кіраўнік "Вясны", распавёўшы пра становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, выказаў усім прысутным на цырымоніі падзяку за падтрымку дэмакратычнай супольнасці яго краіны. "Несумненна, прысваенне мне гэтага ганаровага звання скіравана таксама на ўмацаванне дэмакратычных традыцый і тэндэнцый у нашым грамадстве і супраць аўтарытарызму, які пануе на сённяшні дзень у Беларусі. Улады Сіракузы дэманструюць высокія стандарты ў дачыненні да правоў чалавека, якія стаяць вышэй стандартаў такіх еўрапейскіх краінаў, як сённяшняя Беларусь, дзе ёсць палітычныя зняволеныя, смяротнае пакаранне і ўлада кіруе шляхам застрашэння грамадства", - перадаў змест свайго выступу Алесь Бяляцкі.

Мір і правы чалавека патрабуюць пастаяннай увагі, і паколькі Еўропа з'яўляецца невялікім кантынентам, то сённяшнія падзеі ва ўсходняй яе частцы не далёкія ад Сіцыліі, таму неабыякавасць да таго, што адбываецца, з боку сіцылійскага грамадства вельмі важная, лічыць праваабаронца.

Алесь Бяляцкі наведаў Сіракузу ў рамках свайго візіту ў Італію, арганізаванага нацыянальным аддзяленнем праваабарончай арганізацыі Amnesty International, актывісты якога актыўна падтрымлівалі беларускага праваабаронцы ў час яго палітычна матываванага зняволення ў 2011-2014 гадах.

Нагадаем, што ў 2010 годзе муніцыпалітэт італьянскай Генуі прысвоіў кіраўніку ПЦ "Вясна" і віцэ-прэзідэнту FIDH званне ганаровага грамадзяніна горада, а падчас зняволення, у 2012-м, Алесь Бяляцкі быў удастоены ганаровага грамадзянства Парыжа.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства