Брэст: незалежная журналістка Аліна Літвінчук падала скаргу на пастанову суда, на які яе “забыліся” запрасіць
Больш за ўсё журналістку абурыў той факт, што пра распачатую супраць яе адміністрацыйную справу і вынесенае рашэнне (штраф памерам 40 базавых велічынь), яна даведалася з судовай пастановы, якую даслалі поштай.
З гэтай пастановы вынікае, што 8 студзеня гэтага года Літвінчук, не маючы акрэдытацыі, узяла інтэрв’ю ў старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага фонда міру Лідзіі Раманюк для “Беларускага Радыё Рацыя”, чым парушыла Закон “Аб сродках масавай інфармацыі” і здейсніла “незаконны выраб прадукцыі СМІ”. У выніку суддзя Аляксандр Семянчук прызнаў журналістку вінаватай у адміністрацыйным правапарушэнні і пакараў штрафам у памеры 40 базавых велічынь (на сённяшні дзень гэта 7,2 мільёны рублёў).
Паводле словаў Аліны Літвінчук, ні пра складзены міліцыяй адміністрацыйны пратакол, ні пра судовае разбіральніцтва яе ніхто не інфармаваў, а пастанова была дасланая поштай.
“Я лічу, што такім чынам мае месца грубае парушэнне норм беларускага заканадаўства і Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь. Акрамя таго, я проста была пазбаўлена магчымасці абараняць сябе ў судзе”, - кажа журналістка. Яна таксама распавяла, што акрамя касацыйнай скаргі ў Брэсцкі абласны суд, на імя старшыні суда Ленінскага раёна Брэста падрыхтаваны адмысловы зварот наконт працэсуальных парушэнняў падчас разгляду справы.
Сёлета гэта ўжо другі суд, звязаны з журналісцкай дзейнасцю Аліны Літвінчук. 13 студзеня яе таксама прызналі вінаватай “у незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі” паводле артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і аштрафавалі на 30 базавых велічынь.