viasna on patreon

Павел Сапелка: затрыманне за фатаграфаванне будынкаў парушае закон

2015 2015-03-11T12:55:00+0300 2015-03-13T13:43:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sapelka-tut.by.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка ў студыі TUT.by

Павел Сапелка ў студыі TUT.by

Юрыст Павел Сапелка пракаментаваў інцыдэнт з затрыманнем журналіста КП за фатаграфаванне фасада Акадэміі Навук.

Міліцыянты пратрымалі ў пастарунку журналіста да паўночы і ўзялі з яго пісьмовыя тлумачэнні. Супрацоўнікі правапарадку разглядалі таксама пытанне аб канфіскацыі карт памяці фотаапарата. Праваахоўнікі спасылаліся на нядаўнюю пастанову Міністра ўнутраных спраў, якой забараняецца фатаграфаванне шэрагу грамадскіх і адміністрацыйных будынкаў.

Як адзначыў юрыст Павел Сапелка, у адпаведнасці з артыкулам 23 Канстытуцыі, абмежаванне правоў і свабодаў асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў. Палажэнні часткі першай артыкула 23 замацоўваюць прынцып прапарцыянальнасці абмежавання правоў і свабодаў асобы, які адпавядае стандартам прававой дзяржавы.

“Любая забарона, як і абмежаванне правоў і свабодаў, павінна быць замацаваная ў заканадаўчым акце, які мае законную сілу і распаўсюджвае дзеянне на тое ці іншае кола суб'ектаў. Гэта забарона можа быць усталявана толькі для дасягнення вызначаных мэтаў: у абарону нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў”, - адзначае Павел Сапелка.

Юрыст выказвае сумнеў у тым, што гэтая забарона ўсталяваная належным чынам і што яна прапарцыйная тым адносінам, якія ахоўвае. Павел Сапелка мяркуе, што паколькі парушэнне забароны ў дадзеным выпадку не аднесена да правапарушэнняў, то затрыманне за такія дзеянні парушае закон, паколькі ў адпаведнасці з арт. 8.2. ПВКоАП Рэспублікі Беларусь, адміністрацыйнае затрыманне фізічнай асобы з’яўляецца фактычным кароткачасовым абмежаванні свабоды фізічнай асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, за нейкае адміністрацыйнае правапарушэнне, перадае словы словы юрыста "Салідарнасць".

Прэсавая служба БАЖ нагадвае, што 26 лютага супрацоўнік “Комсомольской правды” в Беларуси” Дзмітрый Ласько, які збіраўся сфатаграфаваць новую падсветку будынка прэзідыума Акадэміі навук, быў затрыманы спачатку ахоўнікам будынка, а затым міліцэйскім нарадам і ў выніку правёў каля чатырох гадзін у Першамайскім РУУС, дзе ў яго праверылі дакументы, прагледзелі ўсе здымкі і складалі пратакол апытання.

1 сакавіка каля пасольства Расіі, куды людзі неслі кветкі і свечкі на знак памяці пра забітага расійскага палітыка Барыса Нямцова, ахоўнікі будынка забаранялі журналістам рабіць фотаздымкі.

2 сакавіка ў Глыбокім (Віцебская вобласць) незалежнага журналіста, сябра ГА “БАЖ” Змітра Лупача не ўпусцілі ў райвыканкам з фотаапаратам Nikon у сумцы. Міліцыянт заявіў, што “з прафесійнымі фотаапаратамі” ўваход у райвыканкам забаронены, спаслаўшыся на распараджэнне кіраўніка справамі райвыканкама.

7 сакавіка міліцыя ў Іўі (Гродзенская вобласць) затрымала турыстаў з Мінска за фатаграфаванне адміністрацыйных будынкаў у цэнтры горада. У іх забралі пашпарты і папрасілі паказаць фатаграфіі і выдаліць тыя, на якія трапілі пракуратура, пажарная частка, выканкам, бібліятэка і ЗАГС. Пасля выдалення здымкаў міліцыянт вярнуў пашпарты і папрасіў прабачэння за нязручнасці.

Між тым, 6 сакавіка МУС дало афіцыйны каментар дзяржаўнаму агенцтву БелТА, заявіўшы, што прадастаўленне СМІ ўнутрыведамасных дакументаў абавязковым не з’яўляецца. “Падобнае патрабаванне накіравана выключна на забеспячэнне бяспекі ў краіне і заклікана павысіць пільнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у частцы прадухілення магчымых пагрозаў разнага характару: ад правакацый да тэрарыстычных актаў”, – заявіў неназваны прадстаўнік МУС.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства