Брэст: супрацоўнікі КДБ шукаюць аўтараў улётак пра зніклых беларускіх палітыкаў
З гэтай прычыны быў затрыманы грамадскі актывіст Сяргей Сухаверхі, якога дапыталі ў міліцэйскім пастарунку наконт улётак, што былі расклееныя ў Пінску і нагадвалі пра лёс вядомых у Беларусі прадстаўнікоў апазіцыі, якія былі выкрадзеныя альбо зніклі.
Паводле словаў Сухаверхага, затрыманне адбылося каля пад’езда дома, дзе ён жыве, пасля чаго актывіста адвезлі на допыт у аддзяленне міліцыі. Супрацоўнікаў праваахоўных структур цікавіла, адкуль з’явіліся друкаваныя матэрыялы, якія пазней былі распаўсюджаныя ў Пінску.
З дакументаў, з якімі паспеў азнаёміцца Сяргей Сухаверхі, вынікала, што справа аб расклейцы ўлётак вядзе пінскі аддзел КДБ. Міліцыянты пацвердзілі гэты факт і паведамілі, што іх прыспешваюць з высвятленнем усіх абставінаў згаданай справы.