viasna on patreon

Крычаў: чарговая карупцыйная справа

2015 2015-03-09T11:36:58+0300 2015-03-09T11:36:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/karupcyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 сакавіка суд Крычаўскага раёна пачне разгляд крымінальнай справы ў адносінах да былога генеральнага дырэктара “Крычаўцэменташыфера” Леаніда Скоцкага. Згодна інфармацыі журналістаў незалежнай газеты “Вольны горад”, судовы працэс будзе адкрытым і будзе праходзіць у будынку цэментна-шыфернага камбіната.

Крымінальная справа ў адносінах Леаніда Скоцкага выклікала вялікі грамадскі рэзананс у Крычаве, дзе “Крычаўцэменташыфер” з’яўляецца горадаўтвараючым прадпрыемствам.

Леанід Скоцкі абвінавачваецца згодна ч.3 арт. 424 (злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі), ч. 1 і 2 арт. 430 (атрыманне хабара) Крымінальнага кодэкса. Па дадзеных следства, Леанід Скоцкі незаконна атрымаў у агульнай колькасці 214 мільёнаў рублёў. Згодна следства, былы генеральны дырэктар датычны к 12 эпізодам пабораў грашовых сродкаў з прэмій працаўнікоў завода. Леанід Скоцкі, атрымліваючы заробак каля 30 млн. рублёў, не грэбаваў браць хабары ў 20 долараў, а таксама харчавацца ў завадской сталовай, не аплочваючы за гэта грошы.

Па інфармацыі “Вольнага горада”, абвінавачваны прызнае сваю віну, пакрыў нанесеныя страты і напісаў хадайніцтва аб памілаванні на імя кіраўніка краіны, якое не было задаволена.

Нагадаем, што генеральны дырэктар ААТ “Крычаўцэменташыфер” Леанід Скоцкі быў затрыманы восенню 2013 года супрацоўнікамі МУС і КДБ пры перадачы грошай. Леанід Скоцкі спрабаваў прысвоіць 40 мільёнаў рублёў, выдадзеных працаўнікам прадпрыемства ў якасці прэміі "за эканомію паліўна-энергетычных рэсурсаў” у першым паўгоддзі 2013 года.

Да свайго прызначэння на пасаду генеральнага дырэктара “Крычаўцэменташыфера” Леанід Скоцкі працаваў намеснікам старшыні Крычаўскага райвыканкама, на момант арышту ён таксама з’яўляўся членам Крычаўскага раённага выканаўчага камітэта. У 2012 годзе Леанід Скоцкі быў прызнаны “Чалавекам года” Крычаўскага раёна.

Журналісты крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” раней неаднаразова засяроджвалі ўвагу на непрыстойных справах чыноўніка, аднак да іх меркаванняў улады прыслухоўвацца не пажадалі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства