Антон Астаповіч: "Грамадскае абмеркаванне генплану забудовы Віцебска трэба адмяняць”
Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры А.Астаповіч лічыць, што грамадскае абмеркаванне арганізавана з парушэннем заканадаўства, і правы ахвотных узяць удзел у абмеркаванні парушаны таксама.
Галоўнае, лічыць Антон Астаповіч, што парушана права на атрыманне інфармацыі. Пра гэта ён разважае з улікам уласнага досведу.
"Прыехаў пазнаёміцца з матэрыяламі. Экспазіцыя схемы генплана, якая ў віцебскай гарадской архітэктуры, - гэта мінімум матэрыялаў па генплану, які прадугледжаны заканадаўствам для азнаямлення. Заканадаўства прадугледжвае знаёмства не толькі са схемай, але і матэрыяламі, якія ўваходзяць у склад як зацвярджаемай, так і абгрунтоўваючай частак горадабудаўнічага праекта. Таму падняўся ў кабінет да намесніка начальніка аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама і выказаў законае жаданне азнаёміцца з гісторыка-архітэктурным апорным планам, схемай транспарту, інжынерных сетак, ну тым, што дасць уяўленне пра перспектывы, якія чакаюць гістарычны цэнтр Віцебска,"- распавядае А. Астаповіч у сваім інтэрнэт-блогу .
Аднак чыноўнік, па словах спадара Астаповіча, "робіць круглыя вочы ў адказ на маю законную просьбу" і гаворыць, што "нам не трэба ведаць нічога, акрамя таго, што выстаўлена ў фае, а з гістарычным цэнтрам мінкульт разбярэцца, не нашая гэта справа".
У фае ўпраўлення капітальнага будаўніцтва схема генплана Віцебска экспануецца з 23 лютага. Да 10 сакавіка грамадзянам прапанавана пазнаёміцца з гэтымі матэрыяламі, і да 20 сакавіка - выказаць свае заўвагі і прапановы. Гэта можна зрабіць у адмысловай кнізе, якая знаходзіцца ў аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарвыканкаму або даслаць звычайным лістом ці электроннай поштай. Так напісана на афіцыйным сайце Віцебскага гарвыканкаму, тамсама пазначана, што ў аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва можна пазнаёміцца з усімі матэрыяламі да генплана.
Аднак старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антону Астаповічу ў такім азнаямленні адмовілі. Ён мяркуе, што для шараговых гараджанаў гэтыя матэрыялы тым болей недаступныя. Таму ён звярнуўся ў гарадскую пракуратуру з просьбай правесці праверку працэдуры правядзення грамадскага абмеркавання.
Паводле сайта гарвыканкама, заўвагі і прапановы ад удзельнікаў грамадскага абмеркавання будуць разглядацца на абласной архітэктурна-горадабудаўнічай радзе. Дата гэтага мерапрыемства не ўказана.
Жыхары горада лічаць грамдскае абмеркаванне пустой фармальнасцю, і пэўныя, што іхныя прапановы ні на што не паўплываюць Таму заўвагі выказваюць не ў адмысловай кнізе і не ў допісах у гарвыканкам, а ў інтэрнэт-каментарыях. Пасля размяшчэння схемы генпалана на сайце "Народныя Навіны Віцебска" пад адпаведным артыкулам з'явіліся каментары, якія пацвярджаюць недавер віцяблянаў да прапанаванага ўдзелу ў абмеркаванні.
Падобна, што пазіцыю Антона Астаповіча, які звярнуўся ў пракуратуру наконт умоваў правядзення грамадскага абмеркавання, падтрымлівае нямала жыхароў Віцебска.