Украінскія актывісты выказваюць салідарнасць з беларускімі палітвязнямі
На скрыню Праваабарончага цэнтра “Вясна” прыйшоў ліст салідарнасці ад украінскіх грамадзян і сацыяльных актывістаў. Яны арганізавалі кампанію ў абарону беларускіх палітвязняў і накіравалі сваю заяву. У заяве актывісты звяртаюць увагу на незаконные вынясенні прысудаў Ігару Аліневічу, Мікалаю Дзядку, Арцёму Пракапенка, Яўгену Васьковічу і іншым, а таксама на беспадстаўныя адвольныя затрыманні і адміністрацыйныя арышты беларускіх актывістаў.
“Мы звяртаемся да ўсіх праваабарончых арганізацыяў па ўсяму свету, каб дапамагчы ў асвеце сістэматычных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў сувязі з сацыяльнымі актывістамі. Мы таксама просім урады еўрапейскіх краінаў і праваабарончыя арганізацыі накіраваць афіцыйныя лісты прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнка з патрабаваннем спыніць ціск і як мага хутчэй вызваліць усіх палітычных зняволеных. А таксама спыніць рэпрэсіі супраць грамадскіх актывістаў і праваабаронцаў у Беларусі”, - гаворыцца ў заяве.
Украінскія актывісты не застаюцца ў баку ад сітуацыі з палітзняволенымі ў Беларусі і выказваюць ім сваю падтрымку.