На Ларысу Шчыракову склалі яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы за працу без акрэдытацыі
Найбліжэйшы суд над гомельскай незалежнай журналісткай прызначаны на чацвер, 12 сакавіка.
У аўторак Ларысу Шчыракову выклікалі ва ўпраўленне ўнутраных спраў горада Рэчыцы (Гомельская вобласць), дзе журналістку азнаёмілі яшчэ з двума адміністрацыйнымі пратаколамі за працу без акрэдытацыі на замежны СМІ.
Міліцыя абвінавачвае сябру ГА “БАЖ” у парушэнні арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку вырабу прадукцыі СМІ) пры падрыхтоўцы двух сюжэтаў для тэлеканала “Белсат”. Паводле міліцыянтаў, найбліжэйшым часам дадзеныя пратаколы накіруюць у суд.
Тым часам стала вядомая дата суда над журналісткай паводле аналагічнай справы, заведзенай супраць Шчыраковай 8 сакавіка (абвінавачанне па артыкуле 22.9 КаАП). Судзіць журналістку будуць у чацвер, 12 сакавіка, а 12-й гадзіне ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля.
Максімальнае пакаранне па кожнай адміністрацыйнай справе супраць журналісткі – штраф у дзевяць мільёнаў рублёў. Сама ж Ларыса Шчыракова ўпэўненая, што ніякіх артыкулаў не парушала, бо паводле Канстытуцыі мае права свабодна збіраць і распаўсюджваць інфармацыю.
Летась міліцыя завяла як мінімум 14 адміністрацыйных справаў за супрацу без акрэдытацыі замежнымі СМІ. Сёлета адбылося ўжо тры суды над журналістамі па артыкуле 22.9 КаАП.