Хутка выбары. Пачалі паляваньне на праваабаронцаў
Пад пагрозай ліквідацыі — Магілёўскі праваабарончы цэнтар, адзіная ў Беларусі зарэгістраваная рэгіянальная праваабарончая арганізацыя.
10 сакавіка ў Магілёўскім абласным судзе пачаўся разгляд пазову галоўнага ўпраўленьня юстыцыі аблвыканкама аб ліквідацыі арганізацыі. Фармальная прычына — адсутнасьць юрыдычнага адрасу.
Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі з гэтай нагоды зазначыў Свабодзе, што ўлады шукаюць дробныя фармальныя прычыны, каб спыніць дзейнасьць грамадзкіх аб’яднаньняў:
«Гэта ня новая праблема, яна цягнецца ўжо досыць доўгі час. Відавочна, гэта абмежаваньне працы праваабарончых арганізацыяў і абмежаваньне ўвогуле права на аб’яднаньні. Гэта клясычны прыклад, калі ўлады выкарыстоўваюць нейкія фармальныя прычыны, якія самі ж ствараюць, і спрабуюць такім чынам перашкаджаць працы альбо проста ліквідаваць арганізацыю».
Як сьцьвярджаецца ў пазове, грамадзкае аб’яднаньне «МПЦ» з 5 сьнежня 2014 году не разьмяшчалася па адрасе, які пазначаны ў ягоным Статуце, бо дамова арэнды была скасаваная арандадаўцам «у аднабаковым парадку».
Кіраўнік магілёўскага праваабарончага цэнтру Ўладзімер Краўчанка кажа, што на арандадаўцу ціснуць:
«Дамова арэнды заключаная на год. Такая дамова можа быць скасаваная толькі па згодзе бакоў. Нашай згоды няма. Тым ня менш арандадаўца перастаў нам выстаўляць рахункі і напрамілы бог папрасіў сысьці, бо на яго цісьне КДБ. Арандадаўца — Дзьмітры Панамарэнка, ён уласьнік некалькіх памяшканьняў, здае іх цырульні, іншым. Адно зь іх — 12 квадратных мэтраў — здае нам. Яго запалохалі, ён баіцца, што пачнуцца праверкі санстанцыі, пажарных ды іншых».
Уладзімер Краўчанка на судовым паседжаньні заявіў хадайніцтва, каб прыцягнуць у якасьці сьведак арандадаўцу Дзьмітрыя Панамарэнку і капітана КДБ Юрыя Гаўрылава, які, паводле словаў Краўчанкі, цісьне на Панамарэнку. Хадайніцтва судзьдзя не задаволіў.
Пазоўнік — начальнік галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандар Маймусаў — тлумачыць Радыё Свабода свае прэтэнзіі да праваабарончага цэнтру адмовіўся:
«Па тэлефоне я ніякай інфармацыі не даю. Па-другое, справа ўжо ў судзе».
Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі кажа, што з усіх грамадзкіх аб’яднаньняў больш за ўсё ціснуць менавіта на праваабарончыя. Усе праваабаронцы — пад пільным кантролем уладаў, асабліва ў рэгіёнах:
«У гарадзенскага праваабаронцы Сазонава пастаянна нейкія праблемы: то на мяжы яго правяраюць, то нейкія ананімныя пагрозы яму ідуць у сацыяльных сетках. У Магілёве з рэгістрацыяй праваабарончага цэнтру праблемы. У Віцебску, калі журналісты фатаграфаваліся з птушкамі ў клетках, Паўла Левінава, які прадстаўляе БХК, аштрафавалі. Так што праваабаронцы ў рэгіёнах — на пярэднім краі барацьбы за правы чалавека. І што яшчэ характэрна — шмат каго зь іх павыганялі з працы. Такі мэтад ціску, як пазбаўленьне працы, дзейнічае ў першую чаргу ў адносінах да палітычных актывістаў і праваабаронцаў. Таму, канечне, яны там бядуюць».