Рэдактара выдання “Наш Магілёў” выклікае ўчастковы
Рэдактара газеты і інтэрнэт-сайта “Наш Магілёў” Ігара Барысава выклікае на гутарку ўчастковы інспектар. Старшы лейтэнант Казакоў прызначыў сустрэчу магілёўскаму журналісту і яго жонцы на 14.00 19 сакавіка.
Па словах Ігара Барысава, неабходнасць сустрэчы ўчастковы патлумачыў тым, што яму даручана ажыццявіць праверку і правесці апытанне журналіста ў межах праверкі неабходнасці ўзбуджэння (ці адмовы ва ўзбуджэнні) крымінальнай справы па арт. 188 ч. 2 КК РБ (паклёп). Раней старшы лейтэнант Казакоў асабіста прысутнічаў і актыўна ўдзельнічаў у правядзенні “агляду памяшкання” кватэры Ігара Барысава 12 сакавіка гэтага года.
Сп. Барысаў кажа, што, нягледзечы на дрэннае самаадчуванне і высокую тэмпературу, ён пойдзе на гутарку з участковым, каб даць неабходныя тлумачэнні і высветліць усе акалічнасці наконт магчымасці ўзбуджэння крымінальнай справы за паклёп.
Нагадаем, што 12 сакавіка прыкладна а 9-й гадзіне раніцы 12 сакавіка ў кватэру Ігара Барысава прыйшлі пяцёра міліцыянтаў. Яны прад’явілі пастанову аб правядзенні агляду памяшкання на падставе праверкі па арт. 188 ч. 2 КК РБ (паклёп). Супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што Ігар Барысаў падазраецца ў здзяйсненні паклёпу па артыкуле 188 ч. 2 Крымінальнага кодэкса на дырэктара прадпрыемства “Стужка” Сяргея Пятрова. Паклёп знайшлі ў артыкуле, размешчаным на сайце “Наш Магілёў”. У артыкуле размова ішла пра тое, што дырэктар нібыта прайграў сваю кватэру і частку акцый прадпрыемства.
А 12.20 агляд памяшкання кватэры Ігара Барысава быў скончаны. Міліцыянты забралі з кватэры для правядзення экспертызы тры камп’ютары, мадэм і нататнікі, не выдаўшы пры гэтым журналісту копіі пратакола вынятку.
У той жа дзень “агляд” быў праведзены на кватэры, дзе месціцца Магілёўскі офіс Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Там забралі тры камп’ютары і мадэм. “Агляд” праводзілі тыя ж самыя супрацоўнікі міліцыі, што і ў кватэры Ігара Барысава.
Гэта ўжо не першая праява цікавасці з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў да незалежнага журналіста. У 2014 годзе ноччу 16 ліпеня аўтамабіль Ігара Барысава быў спынены супрацоўнікамі ДАІ каля вёскі Сумарокава Магілёўскага раёна. Яны паведамілі журналісту, што на яго аўтамабіль прыйшла “арыенціроўка” – нібы на ім здзейснена хуліганства ў Бялынічах. Пасля праверкі дакументаў і агляду аўтамабіля машыну накіравалі ў РАУС Магілёўскага раёна для далейшага разбіральніцтва.
У РАУС супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол апытання і пратакол агляду аўтамабіля, а друкаваную прадукцыю забралі. Усяго супрацоўнікі міліцыі забралі 11 800 асобнікаў газеты “Наш Магілёў” і бюлетэня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) “Сацыял-дэмакрат”.
12 жніўня суддзя суда Магілёўскага раёна Станіслаў Леўчанка пакараў Ігара Барысава штрафам у памеры 30 базавых велічынь за перавозку і “распаўсюд” незалежных выданняў.