Баранавічы: забаронены пікет супраць запалохвання прадпрымальнікаў
Адмова даслана за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Дзмітрыя Касцюкевіча. Прычынай адмовы паслужыла тое, што ў заяўцы не ўказана, ці будуць выкарыстаны транспартныя сродкі. Таксама не ўказаны канкрэтныя меры па забяспячэнні грамадскага парадку, медыцынскаму абслугоўванню і прыборцы тэрыторыі пасля масавага мерапрыемства.
Па словах аднаго з заяўнікаў, баранавіцкага прадпрымальніка Мікалая Чарнавуса, дамовы з бальніцай, жыллёва-камунальнай гаспадаркай сапраўды не былі заключаны, з міліцыяй, паводле пастановы Саўміна № 207 павінен гарвыканкам дамаўляцца сам.
Мікалай Чарнавус адзначае, што, улічваючы малалікасць удзельнікаў пікету - 5 чалавек, заяўнікі далі пісьмовае абавязацельства, што возьмуць з сабой медыцынскую аптэчку, а таксама правядуць самастойна прыборку, калі будзе ў гэтым патрэба. Таму прычыны забароны акцыі прадпрымальнік лічыць надуманымі. Ён упэўнены, што калі б былі дамовы заключаныя, гарвыканкам прыдумаў нешта іншае. Пра гэта сведчыць той факт, што ўжо 6 гадоў на правядзенне масавых мерапрыемстваў дэмакратычнай супольнасцю ў Баранавічах мясцовыя чыноўнікі налажылі табу.
Мікалай Чарнавус планаваў 21 сакавіка правесці пікет супраць запалохвання прадпрымальнікаў і канфіскацыі тавару па надуманых прычынах.