viasna on patreon

Каштарыс за абслугоўванне пікета ў Капылі: паўмільёны рублёў

2015 2015-03-19T00:12:39+0300 2015-03-19T00:12:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kapyl-dashkevich-piket.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Упершыню за доўгія гады ў Капылі адбыўся афіцыйна дазволены пратэстны пікет. Мясцовы грамадскі актывіст Віктар Дашкевіч здолеў дамагчыся ад уладаў згоды на правядзенне мірнага сходу супраць парушэнняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Пра падводныя камяні гэтай, здавалася б, перамогі над сістэмай спадар Дашкевіч распавёў рэгіянальным прадстаўнікам БХК.

- Напрыканцы лютага я накіраваў заяву на правядзенне пікета на градаской плошчы ў цэнтры горада. Гэта вельмі люднае месца, побач рынак. Да таго ж пікет прыпадаў на суботу, так бы мовіць -- базарны дзень, - кажа грамадскі актывіст. - Шчыра кажучы, спадзеваў на нейкі станоўчы адказ не было. Раней улады проста адмаўлялі ў правядзенні мерапрыемства без якіх-небудзь каментароў. А тут нечакана пагадзіліся пры ўмове змены пляцоўкі на стадыён Фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Зрэшты, асаблівай перамогі Віктар Дашкевіч тады не адчуў. Стадыён ФОК знаходзіцца ў практычна бязлюдным месцы. Да таго ж улады запатрабавалі заключэння дамоў на абслугоўванне пікета з міліцыяй, хуткай дапамогай і адміністрацыяй стадыёна.

- Агулам за гадзінны пікет прыйшлося выкласці амаль паўмільёны рублёў. Найдаражэйшымі апынуліся паслугі міліцыі - больш за трыста тысяч. Гаспадаром стадыёна фактычна з’яўляецца ўпраўленне адукацыі райвыканкаму. Яны ўзялі з мяне крыху менш за сто тысяч рублёў. Пры гэтым аніякай уборкі яны не ажыццяўлялі, бо смецця пасля сябе мы не пакідалі, - абураецца спадар Віктар. - Хуткая дапамога дамову з фікасаваным коштам заключаць адмаўлялася. Маўляў, прадбачыць, каму і колькі лекаў можа спатрэбіцца, яны адразу вызначыць не могуць. Але кацяня ў мяшку я таксама набываць не збіраўся. Дамовіліся, што пры патрэбе дадатковыя паслугі буду кампенсаваць асобна. У выніку дзяжурства брыгады хуткай дапамогі абыйшлося найбольш танна. Нешта каля двадцаці тысяч з невялікім.

Сумарны кошт абслугоўвання дзяржавай пікета камусці можа падацца не надта вялікім. Калі ж да гэтай лічбы прыплюсаваць выдаткі на выраб візуальнай прадукцыі і іншыя тэхнічны моманты, дык стане відавочным, што звычайны пенсіянер, якім і з’яўляецца Віктар Дашкевіч, зможа дазволіць сабе правесці не надта шмат пікетаў. Варта азначыць, што міжнародныя нормы абавязак па гарантаванні бяспекі падчас такіх мерапрыемстваў ускладаюць на дзяржаву.

Што да самога пікета, дык ён, па словах спадара Дашкевіча, адбыўся без эксцэсаў. Ды і якія эксцэсы маглі здарыцца на бязлюдным стадыёне на ўскрайку горада, асабліва калі ўвесь час пікетаванне на відэакамеру здымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства