Афіцыйнай забароны на ўваход у Глыбоцкі выканкам з фотаапаратам няма. Ёсць толькі "меркаванне" чыноўнікаў (дакумент)
Афіцыйнага дакумента, які рэгламентуе правілы праходу ў адміністрацыйны будынак, не існуе. Гэта вынікае з адказу, атрыманага ад чыноўнікаў незалежным журналістам Зміцерам Лупачам, якога 2 сакавіка на прапусцілі ў райвыканкам з фотаапаратам у сумцы.
У той дзень незалежны глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач ішоў у аддзел эканомікі райвыканкама, каб вырашыць пытанне наконт індывідуальнага прадпрымальніцтва. На ўваходзе міліцыян-ахоўнік папрасіў яго паказаць змесціва сумкі, убачыў фотаапарат і не дазволіў зайсці ў будынак . Супрацоўнік міліцыі заявіў, што "з прафесійнымі фота- і відэакамерамі праход у будынак забаронены" і спаслаўся на распараджэнне загадчыцы справамі выканкаму Іны Пачопкі.
Адзін з відаў прадпрымальніцкай дзейнасці Змітра Лупача – гэта якраз фотаграфаванне, у тым ліку вяселляў. А глыбоцкі ЗАГС месціцца менавіта ў будынку выканкама. Таму 3 сакавіка спадар Лупач пайшоў на прыём да загадчыцы справамі райвыканкама. Яна сказала, што адказныя асобы ўсе гатовы патлумачыць пісьмова, калі журналіст і прадпрымальнік звернецца да іх з афіцыйным зваротам.
Зварот быў складзены. Спадар Лупач прасіў патлумачыць, на якіх падставах яму забаранілі ўвайсці ў будынак з фотаапаратам, па таксама якая фота- і відэатэхніка лічыцца "прафесійнай", на думку міліцэйскай аховы будынка.
Адказ прыйшоў роўна праз 15 дзен, і з яго вынікае, што міліцыянт-ахоўнік займаецца самаўпраўствам, спадар Лупач:
"У лісце сказана, што ніякіх афіцыйных дакументаў, якія рэгламентуюць правілы пропуску ў райвыканкам, не існуе. Ёсць толькі "меркаванне", з якім мяне лічаць неабходным азнаёміць. На думку чыноўнікаў, чалавек, які збіраецца нешта фатаграфаваць у райвыканкаме, мусіць папярэдзіць кіраўніцтва раёну і папрасіць дазволу. "Меркаванне", як вядома, дакументам не з'яўляецца. Таму забарону на ўваход у будынак я лічу парушэннем сваіх правоў. Што да вызначэння "прафесійнасці" фота і відэаапаратуры, то намеснік старшыні райвыканкаму Іосіф Пачкоўскі ўвогуле нічога тлумачыць не стаў – параіў звярнуцца да адмыслоўцаў. Атрымліваецца, што адмыслоўца ў гэтым пытанні – міліцыянт-ахоўнік, як з аднаго позірку вызначыў, што мой "Nikon" – прафесійны фотаапарат"
Таксама ў адказе намесніка старшыні гаворыцца, што міліцыянты-ахоўнікі кіруюцца "актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, правіламі ўнутранага распарадку райвыканкама, а таксама інструкцыяй па забеспячэнні парадку на ахоўваемым аб'екце".
Канкрэтных спасылак на патрабаванні заканадаўства або ўнутраных дакументаў у лісце няма. Сказана толькі, што ахоўнік мае будынка права абмежаваць права на ўваход і выхад асобам "у стане наркатычнага, алькагольнага або таксічнага ап'янення, з агрэсіўнымі паводзінамі або ва ўзбуджаным стане, пры наяўнасці падвышанай цікаўнасці да пэўных аспектаў дзейнасці аб'екта, пры правядзенні фота- і відаэфіксацы,і складанні планаў і схем " і гэтак далей.
На думку Змітра Лупача, такія фармулёўкі сведчыць пра неабмежаваныя магчымасці для самаўпраўства ахоўнікаў будынка:
"Ці можа міліцыянт прафесійна вызначыць ступень узбуджанасці наведніка? Што хаваецца за фармулёўкай "падвышаная цікаўнасць да пэўных аспектаў дзейнасці аб'екта? Такія фармулёўкі дазваляюць міліцыянту не прапускаць у райвыканкам амаль што любога хто чым-небудзь прыйдзецца не даспадобы… Якім чынам міліцыянт даведаўся пра мае намеры нешта сфатаграфаваць унутры будынка, калі я такіх намераў не меў, ды і ён пра гэта не пытаўся, проста не дазволіў увайсці з фотаапаратам, і ўсё".
Зміцер Лупач збіраецца абскарджваць адказ чыноўніка і патрабаваць, каб міліцыянта-ахоўніка прыцягнулі да адказнасці за перавышэнне да службовых паўнамоцтваў. Ён не выключае, што забарона мае не агульны характар, а тычыцца яго асабіста, таму што прэтэнзіі чыноўнікаў да ягоных фотаздымкаў ужо былі – прыкладам, калі ён сфатаграфаваў дзяржаўныя сцягі, вывешаныя дагары нагамі над будынкам Глыбоцкай пракуратуры і райвыканкаму.