viasna on patreon

У Хоцімскім раёне механізатары праз страйк дамагліся змены старшыні СВК

2015 2015-03-23T20:09:13+0300 2015-03-23T20:09:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/traktar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Механізатары хоцімскага СВК “Кастрычнік-Бярозкі” пры дапамозе страйка дамагліся звальнення з пасады старшыні праўлення кааператыва Мікалая Саўчанкі.

17 сакавіка механізатары гаспадаркі адмовіліся выязджаць на працу (а зараз тут ужо пачаліся веснавыя палявыя работы), пакуль не будзе заменены старшыня СВК “Кастрычнік-Бярозкі” Мікалай Саўчанка, які дазваляў сабе вельмі грубыя і нетактоўныя адносіны да працаўнікоў прадпрыемства, паведаміў грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч. Ён у свой час працаваў першым намеснікам старшыні Хоцімскага райвыканкама, узначальваў сельскагаспадарчую галіну раёна, добра ведае стан спраў у сельскагаспадарчых прадпрыемствах Хоцімшчыны.

“Механізатары СВК “Кастрычнік-Бярозкі” 17 сакавіка адмовіліся выязджаць на працу, пакуль не будзе вырашана пытанне аб адхіленні са сваёй пасады старшыні праўлення гаспадаркі Мікалая Саўчанкі, - распавядае Валерый Каранкевіч. – Гэты чалавек дазваляў сабе вельмі груба, па-хамскі ставіцца да працаўнікоў прадпрыемства і ў рэшцерэшт людзі не вытрымалі. Зараз у раёне ўжо пачаліся веснавыя палявыя работы, да таго ж СВК “Кастрычнік-Бярозкі” адзін з буйнейшых у раёне, тут аб’яднаныя тры былых гаспадаркі, таму гэта адмова атрымалася вельмі рэзананснай. У СВК “Кастрычнік-Бярозкі” адразу ж прыехалі прадстаўнікі з Хоцімскага райвыканкама, якія ўгаварылі механізатараў распачаць працу, паабяцаўшы ўжо бліжэйшым часам замяніць старшыню праўлення. Сёння я даведаўся, што з 24 сакавіка выконваючым абавязкі старшыні СВК “Кастрычнік-Бярозкі” прызначаны Кокатаў Мікалай Іванавіч, які раней ужо працаваў на гэтай пасадзе, а зараз пакуль узначальваў СВК “Ліпаўка”. Такім чынам, дзякуючы адзінай пазіцыі, механізатары СВК “Кастрычнік-Бярозкі” здолелі дамагчыся выканання сваіх патрабаванняў”.

Па меркаванні Валерыя Каранкевіча, пратэстныя настроі ў асяроддзі працаўнікоў вёскі будуць пастаянна нарастаць.

“Зараз вяскоўцы ў Хоцімскім раёне атрымліваюць проста мізэрныя заробкі, і тыя не заўсёды своечасова. А тут яшчэ многія кіраўнікі дазваляюць па-хамскі адносіцца да людзей, размаўляючы з імі толькі пры дапамозе матаў і пагроз. Гэтаму спрыяе тое, што яны абсалютна ўпэўнены ў сваёй беспакаранасці, многія кіраўнікі гаспадарак прыходзяць на свае пасады па трэццяму кругу з-за адсутнасці рэзерва кадраў і пралікаў у кадравай палітыцы кіраўніцтва Хоцімскага райвыканкама. Таму, я думаю, што пратэстныя настроі ў працаўнікоў вёскі зараз будуць толькі пастаянна нарастаць”, - кажа Валерый Каранкевіч.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства