viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Адкрыты ліст палітвязьня Мікалая Дзядка расплюшчвае вочы на страшную праўду

2015 2015-03-24T14:20:03+0300 2015-03-24T14:22:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialiacki-111.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі. Фота Аляксея Лапіцкага.

Кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі. Фота Аляксея Лапіцкага.

Кіраўнік ПЦ “Вясна” на сваёй публічнай старонцы ў Facebook пракаментаваў апублікаваны сёньня зварот палітычнага вязня Мікалая Дзядка.

Мікалай Дзядок у адкрытым лісьце, зьвернутым да праваабаронцаў і “ўсіх, для каго словы «справядлівасьць», «гуманізм» і «чалавечая годнасьць» не пусты гук”, апісвае злоўжываньні адміністрацыі у дачыненьні да палітвязьняў і яго асабіста, якія, на думку Алеся Бяляцкага, зьяўляюцца сапраўднымі катаваньнямі зьняволенага ў турме.
“Адкрыты ліст Мікалая Дзядка расплюшчвае вочы на страшную праўду аб тым, што адбываецца ў беларускіх калоніях і турмах у дачыненьні да зьняволеных. Адміністрацыя калоніі фармальна прыкрываецца “законнымі” правіламі ўнутранага распарадку і псіхалагічна і фізічна тэрарызуе зьняволеных, якія імкнуцца захаваць чалавечую годнасьць. Больш за тое, як гэта адбылося з Мікалаем Дзядком, была ўзбуджаная справа па артыкуле 411 КК і ён атрымаў дадатковы год зьняволеньня.
Відавочна, што ціск на палітзьняволеных спецыяльна арганізоўваецца ўладамі Беларусі з мэтай выбіць у іх просьбу аб памілаваньні.
Мы пратэстуем і зьвяртаем увагу беларускага грамадства і міжнароднай супольнасьці на катаваньні і сваволю ўладаў у дачыненьні да палітычных зьняволеных.
Такога не павінна быць!” –
напісаў праваабаронца.

Нагадаем, актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок, тэрмін зьняволеньня якога павінен быў скончыцца 3 сакавіка, 26 лютага ў Турме №4 г. Магілёва быў асуджаны да году пазбаўленьня волі ў калоніі строгага рэжыму па артыкуле 411 Крымінальнага кодэксу. Палітвязьню былі інкрымінаваныя 16 парушэньняў рэжыму ў месцах зьняволення, асноўным з якіх зьяўляецца нашэньне замест турэмнай робы спартыўнага касцюма. Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заявілі, што лічаць гэтую справу выключна палітычна матываванай і патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Мікалая Дзядка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства