Адзначыць Дзень Волі ў Віцебску не дазволілі
Сябры КХП БНФ падавалі заяўку на пікет уадміністрацыю Чыгуначнага раёна, але чыноўнікі акцыю забаранілі. Прычына забароны традыцыйная: адсутнасць дамоваў на абслугоўванне пікета міліцыяй і хуткай дапамогай.
Дамоваў на абслугоўванне чыноўнікі патрабуюць паводле рашэння Віцебскага гарвыканкаму "Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску. Такія дамовы трэба заключаць папярэдне і падаваць разам з заяўкай на акцыю. Але і міліцыя, і цэнтральная паліклініка яшчэ ні разу не пагадзілася заключыць дамовы з актывістамі, распавёў сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў:
"Толькі камунальнікі ні разу не адмовіліся з намі супрацоўнічаць. Гэтым разам таксама адказалі, што дамову заключыць не супраць. А вось галоўурач паліклінікі адказаў, што ў пачатку сакавіка ён не бярэцца прадказаць, наколькі інтэнсіўна будзе працаваць хуткая дапамога 25 чысла. Таму дамову не заключыць. З міліцыі таксама адказ ужо звыклы: мы будзем ахоўваць правапарадак на пікеце, для гэтага не трэба ніякая дамова, але – толькі ў тым выпадку, калі акцыю вам дазволяць. Так што зноў атрымалася зачараванае кола, па якім мы ходзім ўжо шосты год – з 2009 года, калі гарвыканкам прыняў тое свае рашэнне".
Адсвяткаваць Дзень Волі афіцыйным чынам улады не дазваляюць, а міліцыя штогод 25 сакавіка праводзіць у горадзе звыш пільнае патруляванне. Супрацоўнікі міліцыі, а таксама людзі ў цывільным, але з рацыямі, адсочваюць усе перасоўванні грамадскіх актывістаў. Асабліва ўважліва сочаць за тымі, хто спрабуе адзначыць свята беларускай незалежнасці хаця б ускладаннем кветак да помніка Уладзіміру Караткевічу. Каля помніка міліцыянты не толькі назіраюць за правапарадкам, але і здымаюць людзей з букетамі на відэакамеры.