viasna on patreon

Павел Сапелка: «Пакаранне па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса - гэта адвольнае пазбаўленне волі»

2015 2015-03-24T18:36:10+0300 2015-03-25T13:00:10+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sapelkapaviel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка

Павел Сапелка

Праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу на неабходнасць выключэння з Крымінальнага кодэкса Беларусі артыкула 411, які прадугледжвае для зняволеных, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых установах, пакаранне за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі. На шырокае грамадскае абмеркаванне гэтая праблема была вынесена, калі артыкул і, адпаведна, падаўжэнне тэрмінаў пазбаўлення волі, сталі выкарыстоўвацца супраць палітвязняў. У 2012 годзе за некалькі месяцаў да заканчэння тэрміну пазбаўлення волі на год быў асуджаны па артыкуле 411 КК Зміцер Дашкевіч, у лютым 2015 - за некалькі дзён да выхаду на свабоду - Мікалай Дзядок.

Юрыст Павел Сапелка, які шмат гадоў працаваў адвакатам, адзначае, што склад злачынства, які закладзены ў артыкуле 411 КК - адзін з нямногіх па заканадаўстве Беларусі, калі ўмовай крымінальнай адказнасці з'яўляецца дысцыплінарная прэюдыцыя, то бок здзяйсненне дысцыплінарных праступкаў: «Між тым, агульнапрынятай з'яўляецца тэндэнцыя адмовы нават ад адміністрацыйнай прэюдыцыі як умовы крымінальнай адказнасці. Сапраўды, адміністрацыйны праступак, а тым больш - дысцыплінарны, не становіцца злачынствам з уласцівымі злачынству рысамі, асноўнай з якіх з'яўляецца грамадская небяспека, нават пры яго паўтарэнні».
Павел Сапелка звяртае ўвагу на тое, што практыка пакарання па арт.411 КК зняволеных за тыя ж правіны, за якія яны ўжо панеслі пакаранне ў дысцыплінарным парадку, парушае шырока вядомы прынцып «non bis in idem», які азначае, што ніхто не павінен двойчы несці пакаранне за адно дзеянне. Гэты прынцып замацаваны, у тым ліку, у Крымінальным кодэксе Беларусі.
Крымінальна-выканаўчае заканадаўства Беларусі не мае закрытага пераліку парушэнняў, якія могуць цягнуць дысцыплінарную адказнасць: за парушэнне ўстаноўленага парадку адбыцця пакарання да асуджаных да пазбаўлення волі могуць прымяняцца рознага кшталту захады. Закон не ўтрымлівае ўказанняў на грамадскую небяспеку такога кшталту парушэнняў. Спагнанні за такія парушэнні накладаюцца ў пазасудовым парадку службовымі асобамі турмаў і папраўчых калоній - афіцэрамі Міністэрства ўнутраных спраў. Гэта спараджае практыку адвольнага, часцяком не адпавядаючага цяжару правіны прыцягнення да адказнасці; гэтыя недахопы немагчыма ліквідаваць нават з выкарыстаннем інстытута судовага абскарджання накладзеных спагнанняў.
Адзіным відам пакарання за здзяйсненне злачынства, прадугледжанага арт.411 КК, хоць і аднесенага да не ўяўляючага вялікай грамадскай небяспекі, з'яўляецца пазбаўленне волі, што супярэчыць прынцыпам крымінальнага закона і крымінальнай адказнасці - справядлівасці і гуманізму. Пры гэтым, нават за больш цяжкія злачынствы, учыненыя асуджанымі да пазбаўлення волі - хуліганства, крадзеж, рабаванне, прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання, не выключана прызначэнне пакарання ў выглядзе штрафу, грамадскіх, папраўчых работ, абмежавання волі.
На думку Паўла Сапелкі, усё выкладзенае ў сваёй сукупнасці «дазваляе сцвярджаць пра адвольны характар пазбаўлення волі за непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, няхай і злоснае». Ён упэўнены, што вінаватыя асобы павінны ў гэтым выпадку несці адказнасць, абмежаваную мерамі дысцыплінарнага характару, тым больш, што спектр гэтых мер прадугледжаны крымінальна-выканаўчым заканадаўствам у дастатковай меры шырокі і дыферэнцыраваны па сваім характары: «Адпаведна, артыкул 411 павінен быць выключаны з Крымінальнага кодэкса».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства