Гродзенскія актывісты БХД пазбаўлены працы
Гродзенскіх актывістаў БХД -- бацьку і сына Сяргея і Мікалая Верамеенкаў Міністэрства транспарту пазбавіла ліцэнзіі на перавозку пасажыраў, пазбавіўшы тым самым мажлівасці зарабляць сабе на жыццё тым спосабам, якім яны гэта рабілі раней. Фармальнай падставай да гэтага стаў мінулагодні штраф, які быў накладзены на Сяргея Верамеенку за парушэнні ў афармленні пуцявой карткі.
Сам жа актывіст лічыць, што насамрэч яго актыўная пазіцыя і грамадская дзейнасць сталі сапраўднай прычынай такой увагі да яго персоны. Яго затрымлівалі з улёткамі і аштрафоўвалі. А яго сын, Мікалай Верамеенка, быў затрыманы пры правядзенні акцыі “Стоп падатак 2”. Яго тады спынілі па прычыне, што машына, на якой ехаў, як быццам бы знаходзіцца ў вышуку.
На мясцовых выбарах год таму Гродзенская гарадская выбарчая камісія, якую ўзначальваў Уладзімір Хлябіч, адмовілася прыняць дакументы на рэгістрацыю кандыдатам гарадскога Савета Сяргея Верамеенкі. Па ягоных словах, ён прыйшоў падаваць дакументы на рэгістрацыю кандыдатам за паўгадзіны да заканчэння працоўнага часу камісіі. Перад кабінетам, дзе засядае камісія, была чарга. Верамеенка сцвярджае, што ён зайшоў у камісію за дзве хвіліны да 19-й, аднак яго дакументы прымаць ужо адмовіліся. Калі Сяргей Верамеенка стаў пратэставаць, старшыня камісіі Уладзімір Хлябіч выклікаў міліцыю.
Сяргей Верамеенка лічыць, што менавіта яго грамадская дзейнасць і стала сапраўднай падставай пазбаўлення працы.
Фота з сацыяльных сетак