viasna on patreon

Крычаў: начальства апраўдвае незаконныя дзеянні ўчастковага

2015 2015-03-26T12:24:30+0300 2015-03-26T12:24:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/supracounik_milicyji.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхар Крычава Мікалай Федарэнка 24 сакавіка накіраваў скаргу на незаконныя дзеянні ўчастковага інспектара міліцыі Крычаўскага РАУС старэйшага лейтэнанта міліцыі Краўцова В. П. і на ліст № Ф-1 ад 13.03.2015 г. ЧВАП начальніка Крычаўскага РАУС Свістунова А. В..

Мікалай Федарэнка скардзіцца на тое, што старэйшы лейтэнант Краўцоў без яго ведама склаў ад яго імя фіктыўнае тлумачэнне ад 22.03.2014 г. па грамадзянскай справе. Таксама пад гэтым фіктыўным тлумачэннем быў зроблены запіс “з маіх слоў запісана дакладна” і падроблены подпіс спадара Федарэнкі невядомай асобай, бо сам Мікалай Федарэнка сцвярджае, што 22.03.2014 г. наогул ні з якімі супрацоўнікамі Крычаўскага РАУС, у тым ліку і са старэйшым лейтэнатам Краўцовым, не сустракаўся, яго наогул не выклікалі ў Крычаўскі РАУС ні ў гэты, ні ў іншыя дні, што можна праверыць па кнізе наведнікаў Крычаўскага РАУС.

Спадар Федарэнка таксама сцвярджае, што ў напісанай быццам бы з яго слоў тлумачальнай утрымліваецца вельмі шмат недакладных звестак, якія ён не мог сказаць і, тым больш, падпісаць. Ён лічыць, што дзеянні ўчастковага інспектара Краўцова падпадаюць пад арт. 427 КК (службовая падробка).

Адпаведную скаргу на дзеянні старэйшага лейтэнанта Краўцова Мікалай Федарэнка раней накіроўваў на імя пракурора Магілёўскай вобласці. Ён прасіў пракурора правесці праверку па ўказаных ім фактах парушэнняў заканадаўства і пры іх пацвярджэнні прыцягнуць участковага інспектара Краўцова В. П. да крымінальнай адказнасці згодна закону, а таксама даць яму пісьмовы адказ ва ўстаноўленыя законам тэрміны. Аднак пракурор Магілёўскай вобласці перанакіраваў яго скаргу для разбіральніцтва ў УУС Магілёўскага аблвыканкама, якое, у сваю чаргу, перанакіравала яе начальніку Крычаўскага РАУС.

Часова выконваючы абавязкі начальніка Крычаўскага РАУС А. Свістуноў у сваім адказе фактычна адмовіў спадару Федарэнка ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах участковага інспектара Віталія Краўцова ў парушэнне ч. 1 арт. 178 КПК не пастановай, а сваім унутраным супярэчлівым лістом № Ф-1 ад 13.03.2015 г., у якім паведаміў, што “Па выніках праверкі выкладзеныя ў скарзе довады не знайшлі пацверджання”. Аднак у той жа час у лісце А. Свістунова было ўказана, што “За недобрасумленнае выкананне службовых абавязкаў участковы інспектар міліцыі Краўцоў В. П. прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці”.

Мікалай Федарэнка задае пытанне начальніку УУС Магілёўскага аблвыканкама: чаму, калі довады па яго скарзе на імя пракурора Магілёўскай вобласці не спраўдзіліся, то за што ж тады прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці ўчастковы інспектар Віталій Краўцоў, і ў чым канкрэтна выявілася недобрасумленнае выкананне ім сваіх службовых абавязкаў?

У сувязі з выкладзенымі ім фактамі Мікалай Федарэнка просіць начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама правесці праверку па ўказаных ім фактах парушэнняў заканадаўства і пры іх пацвярджэнні прыцягнуць участковага інспектара Крычаўскага РАУС, старэйшага лейтэнанта Краўцова В. П. да крымінальнай адказнасці паводле закона, а ЧВАП начальніка Крычаўскага РАУС Свістунова А. В. да адказнасці згодна закону, а таксама даць яму пісьмовы адказ ва ўстаноўленыя законам тэрміны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства