Гомельская міліцыя вінаваціць чарговага фрылансера ў незаконным вырабе “прадукцыі СМІ”
26 сакавіка гомельскага сябра ГА “БАЖ” Кастуся Жукоўскага выклікалі ў Чыгуначны РАУС, дзе капітан міліцыі Віктар Сцепаненка склаў адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 22.9 КаАП (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) Пратакол будзе накіраваны ў суд.
Як распавёў службе маніторынгу ГА “БАЖ” сам Жукоўскі, падставай паслужыў матэрыял на сайце тэлеканала “Белсат” (Польшча) пад назвай “За забітае дзіцё пакаралі педагогаў ды медыкаў”.
Міліцыя папярэдне апытала настаўнікаў гомельскай сярэдняй школы №12, якія патрапілі ў відэасюжэт. Апрача таго у матэрыялах адміністрацыйнай справы быў адказ з Міністэрства замежных спраў Беларуси аб тым, што Жукоўскі не акрэдытаваны ў Беларусі як карэспандэнт замежнага СМІ.
– Я напісаў у пратаколе, што не згодны з ім. Пры гэтым патлумачыў капітану Сцепаненку, што падобныя пратаколы не што іншае, як пераслед грамадзянаў за тое, што яны карыстаюцца сваім канстытуцыйным правам на збор і распаўсюд інфармацыі. Апрача таго, такія пратаколы дыскрэдытуюць краіну ў вачах міжнароднай супольнасці, – кажа Кастусь Жукоўскі.
Нагадаем, што 12 сакавіка суддзя Цэнтральнага суду Гомеля Віктар Казачок пастанавіў аштрафаваць на 20 базавых велічыняў (3 мільёны 600 тысяч рублёў) сябра ГА “БАЖ”Ларысу Шчыракову – таксама за выраб без акрэдытацыі прадукцыі СМІ для тэлеканалу “Белсат”.