Брэст: пракуратуру просяць правярыць на адпаведнасць заканадаўству новага будаўніцтва на гісторыка-ахоўнай тэрыторыі
Нагодай для звароту, які накіраваў у гарадскую пракуратуру кіраўнік абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі, з’явіліся будаўнічыя работы і пракладка інжынерных збудаванняў у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”.
Гэтыя работы звязаныя з планамі па будаўніцтву ў мемарыяле моладзевага патрыятычнага цэнтра БРСМ, а таксама гатэля, які мае намер узвесці расійскі інвестар. Паводле аўтара зварота, у БСДП няма адмыслоўцаў у справе будаўніцтва на тэрыторыі гісторыка-культурнага аб’екту, які ахоўваецца дзяржавай, аднак з аналізу зваротаў грамадзян, уласнага візуальнага назірання, публікацый у СМІ можна зрабіць высновы наконт абгрунтаванасці цяперашніх будаўнічых працаў. У прыватнасці, ужо спілавана вялікая колькасць дрэваў, само будаўніцтва вядзецца без належных папярэдніх археалагічных даследаванняў (чалавечыя рэшткі ў адкрытым выглядзе знаходзяцца на месцы работ), а сістэма каналізацыі пракладваецца непасрэдна ў раку Мухавец.
“Мы просім пракуратуру праверыць дадзеныя факты на прадмет парушэння заканадаўства і вынесці адпаведнае прадпісанне па іх ліквідацыі, а пры неабходнасці распачаць крымінальную справу і прыцягнуць да адказнасці вінаватых”, - адзначыў Ігар Маслоўскі.