viasna on patreon

ПЦ “Вясна” патрабуе ад парламента скасавання артыкула 411 Крымінальнага кодэкса

2015 2015-04-03T10:42:35+0300 2015-04-03T11:05:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kryminalny_kodeks_rb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы працягваюць настойваць на тым, што ніхто не павінен двойчы несці пакаранне за адну і тую ж дзею.     

Праваабарончы цэнтр “Вясна” 3 красавіка ад імя кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага накіраваў у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь зварот, у якім ставіць перад заканадаўцам пытанне аб скасаванні з Крымінальнага кодэкса артыкула 411 “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі”.

Праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу на праблему наяўнасці гэтага артыкула ў крымінальным заканадаўстве, аднак шырокі розгалас яна займела ў сувязі з выкарыстаннем яго супраць палітычных зняволеных

Абгрунтоўваючы неабходнасць скасавання артыкула 411 з Крымінальнага кодэкса, эксперты апелююць да такой прававой з’явы як дысцыплінарная прэюдыцыя. Яе сутнасць заключаецца ў тым, што дзея становіцца злачынствам, калі яна здзейсненая на працягу года пасля накладання спагнання за такое ж парушэнне. Пры гэтым эксперты падкрэсліваюць, што злачынства – гэта не сума такіх правінаў.

То бок, закладзены ў артыкуле 411 КК склад злачынства па сутнасці злачынствам не з’яўляецца, паколькі не мае такой асноўнай уласцівай для злачынства рысы як грамадская небяспека. “Гэты склад злачынства - адзіны выпадак паводле заканадаўства Беларусі, калі ўмовай крымінальнай адказнасці з'яўляецца дысцыплінарная прэюдыцыя, то бок здзяйсненне дысцыплінарных правінаў. Між тым, агульнапрынятай з'яўляецца тэндэнцыя адмовы нават ад адміністратыўнай прэюдыцыі як умовы крымінальнай адказнасці”, - тлумачаць праваабаронцы ў звароце, нагадваючы пра шырока вядомы прынцып правоў чалавека і крымінальнага права «non bis in idem», які азначае, што ніхто не павінен двойчы несці пакаранне за адну дзею. Нягледзячы на тое, што гэты прынцып замацаваны і ў Крымінальным кодэксе Беларусі, пакаранне па артыкуле 411 прызначаецца за тыя ж правіны, за якія асуджаныя ўжо панеслі пакаранне ў дысцыплінарным парадку. (Напрыклад, за нейкія акты непадпарадкавання адміністрацыі асуджаны атрымліваў спагнанні ў выглядзе змяшчэння ў ШІЗА ці ПКТ, а пасля - у выніку асуджэння па артыкуле 411 - за тыя ж акты непадпарадкавання атрымаў яшчэ і дадатковы тэрмін зняволення). Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ў такім выпадку пазбаўленне волі (а гэта адзіны прадугледжаны артыкулам 411 від пакарання) супярэчыць прынцыпам крымінальнага закона і крымінальнай адказнасці - справядлівасці і гуманізму. Тым больш, што нават за больш цяжкія злачынствы, учыненыя асуджанымі да пазбаўлення волі, можа прызначацца пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі (штраф, грамадскія, папраўчыя работы, абмежаванне волі).

Праблема ўскладняецца яшчэ і тым, што спагнанні за парушэнні, пералічаныя ў артыкуле 411, накладаюцца ў пазасудовым парадку службовымі асобамі турмаў і папраўчых калоній - афіцэрамі Міністэрства ўнутраных спраў. Гэта спараджае практыку адвольнага і выбарчага прымянення артыкула 411 – напрыклад, супраць няўгоднага адміністрацыі папраўчай установы зняволенага ці пры палітычным матыве ўладаў.  

Сцвярджаючы аб адвольным характары пазбаўлення волі за непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, няхай і злоснае, праваабаронцы настойваюць: “Вінаватыя асобы павінны несці адказнасць, абмежаваную мерамі дысцыплінарнага характару, тым больш, што спектр гэтых мераў, прадугледжаны крымінальна-выканаўчым заканадаўствам, у дастатковай меры шырокі і дыферэнцыраваны па сваім характары. Адпаведна, артыкул 411 павінен быць выключаны з Крымінальнага кодэкса”.

Таксама дадзены артыкул супярэчыць пункту 7 артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які абвяшчае, што «ніхто не павінен быць другі раз судзімы або пакараны за злачынства, за якое ён ужо быў канчаткова асуджаны ці апраўданы ў адпаведнасці з законам і крымінальна-працэсуальным правам кожнай краіны».

У дадатак эксперты “Вясны” звяртаюць увагу на тое, што прынцып гуманізму непарыўна звязаны з ідэяй справядлівасці. “Пакаранне або іншыя меры адказнасці, прызначаныя асобе, не павінны быць залішне жорсткімі, разлічанымі выключна на застрашэнне іншых патэнцыйных вінаватых. Нельга дамагацца мэтаў агульнага папярэджання злачынстваў, празмерна караючы асобных асобаў. Даўно вядома, што эфектыўнасць крымінальнай палітыкі заключаецца не ў яе жорсткасці, а ў забеспячэнні няўхільнасці адказнасці”, - падкрэсліваецца ў звароце.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства