Валянцін Стэфановіч: Тлумачэнні міністра не вытрымліваюць аніякай крытыкі
Пільнасць міліцыі ў адносінах да фатографаў – гэта спроба „абараніць грамадзян ад магчымых пагроз”. Пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.
„Калі ў супрацоўніка ёсць унутранае перакананне, што пагроза існуе, што вы фатаграфуеце ў неналежных мэтах, ён абавязаны праверыць, што і для чаго вы фатаграфуеце”, – заявіў кіраўнік МУС.
Намеснік старшыні праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч лічыць, што тлумачэнні міністра не вытрымліваюць аніякай крытыкі:
- Інтэрпрэтацыю заканадаўства вельмі дзіўна пачуць з вуснаў міністра, паколькі ўсе падставы для затрымання грамадзян выкладзены ў Законе пра органы ўнутраных спраў і таксама ў Кодэксе пра адміністрацыйныя парушэнні. Чалавека могуць затрымаць толькі ў падазрэнні ў здзяйсненні правапарушэнняў, таму ўсе інтэрпрэтацыі, што вы здымаеце і мы не ведаем у якіх мэтах вы гэта робіце, таму мы вас затрымаем – гэта абсалютна незаконнае і называецца гэта на юрыдычнай мове адвольнае затрыманне.
Пры гэтым міністр унутраных спраў Беларусі адзначыў, што кампенсаваць фатографам магчымую шкоду ў выглядзе спазненняў на цягнік, самалёт і гэтак далей ніхто не абавязаны. Шуневіч абяцаў падумаць над тым, каб на аб’ектах, фотаздымка якіх можа стаць прычынай для праверкі, з’явіліся інфармацыйныя шыльды.