ВЯРХОЎНЫ СУД БЕЛАРУСІ ПРЫНЯЎ РАШЭНЬНЕ АБ ЛІКВІДАЦЫІ “ФОНДУ БРАТОЎ ЛУЦКЕВІЧАЎ” (Радыё Свабода)
Гэта ўжо дзявятая зьліквідаваная недзяржаўная арганізацыя за апошнія некалькі месяцаў.
Судзьдзя Вярхоўнага Суду Мікалай Бабкоў 16 кастрычніка вынес наступнае рашэньне:
(Бабкоў: ) “Вырашана ліквідаваць грамадзкае аб’яднаньне “Фонд братоў Луцкевічаў”. Спагнаць з грамадзкага аб’яднаньня дзяржаўную пошліну 82 тысячы 500 рублёў. Рашэньне суду набывае моц неадкладна і ня можа быць касацыйна абскарджанае ці апратэставанае”.
Падставай для ліквідацыі стаў пазоў Міністэрства юстыцыі, у якім Фонд братоў Луцкевічаў абвінавацілі ў неадпаведным юрыдычным адрэсе і пячатцы, а таксама ў іншых парушэньнях заканадаўства. Для старшыні грамадзкага аб’яднаньня Анатоля Гурыновіча рашэньне Вярхоўнага суду ня стала нечаканасьцю.
(Гурыновіч: ) “Вярхоўны суд ніяк ня мог прыняць рашэньня на нашу карысьць зь дзьвюх прычынаў. Першая, асноўная прычына — уся сыстэма ў Беларусі скіраваная на падаўленьне любой ініцыятывы, і для гэтага трэба зьнішчыць актыўныя арганізацыі. І другая прычына — сапраўды, ёсьць рэальная падстава, у час, прызначаны Міністэрствам юстыцыі, мы не падалі юрыдычнага адрасу. Вось гэта галоўная прычына”.
Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра далейшую дзейнасьць, Анатоль Гурыновіч зазначыў наступнае:
(Гурыновіч ) “Ёсьць мэты, задачы, якія стаялі перад Фондам братоў Луцкевічаў, яны засталіся. Ёсьць людзі, якія займаліся вырашэньнем гэтых задачаў — яны засталіся. Будзем працаваць далей. Аб формах, аб мэтадах работы будзе відаць далей”.
Радыё Свабода