Брэст: грамадскія актывісты просяць дэпутатаў парламента ініцыяваць зварот у Канстытуцыйны суд наконт “дэкрэта аб дармаедстве”
Прыхільнікі грамадзянскай ініцыятывы “Сацыяльны офіс” накіравалі лісты на адрас дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад Брэста - Ларысе Багдановіч, Уладзіміру Базанаву, Віктару Валюшыцкаму і Валянціну Мілашэўскаму.
Нагодай для звароту з’яўляецца прэзідэнцкі дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Паводле словаў актывіста “Сацыяльнага офіса” Юрыя Жыдовіча, “дэпутаты, абраныя народам, павінны клапаціцца аб захаванні законнасці і правоў сваіх выбаршчыкаў, а згаданы дэкрэт не адпавядае заканадаўству Рэспублікі Беларусь, ўшчамляе правы грамадзян, пагаршае іх матэрыяльнае становішча, супярэчыць міжнародным дакументам, ратыфікаваным нашай краінай”.
У прыватнасці, аўтары ліста звяртаюць увагу, што дэкрэт №3 супярэчыць артыкулу 41 (частка 4) Канстытуцыі РБ, якая дэкларуе, што “прымусовая праца забараняецца, акрамя працы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы”. Акрамя таго, у лісце нагадваецца, што згодна з Канстытуцыяй РБ кіраўнік краіны “не мае права сваімі актамі абмяжоўваць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян”.
“Мы лічым, што дэкрэту №3 мусіць быць дадзена прававая ацэнка з боку Канстытуцыйнага суда і просім дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ініцыяваць адпаведны зварот,” – адзначыў Юрый Жыдовіч.