viasna on patreon

КС адмовіўся ўзбуджаць вытворчаць па справе аб допуску ў суды прадстаўнікоў грамадзян

2015 2015-04-14T17:37:37+0300 2015-04-14T17:37:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pravasuddzee.jpg
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Канстытуцыйны суд адмовіўся ўзбуджаць вытворчасць па справе аб допуску ў суды прадстаўнікоў грамадзян. Пра гэта карэспандэнту НЧ паведаміла бабруйчанка Валянціна Каваленка.

Напрыканцы сакавіка яна разам з сваёй зямлячкай Любоўю Санкевіч звярнулася ў Канстытуцыйны суд з просьбай распачаць вытворчасць па справе аб устараненні ў Грамадзянскім працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь (ГПК) прабелаў, выключэння ў ім калізій і прававой нявызначанасці.

Згодна Канстытуцыі, што мае вышэйшую юрыдычную сілу, падчас разгляду справы ў судзе грамадзяне маюць права карыстацца юрыдычнай дапамогай не толькі адвакатаў, але і іншых сваіх прадстаўнікоў. Аднак артыкул 72 ГПК абмяжоўвае спіс такіх прадстаўнікоў, якія маюць права прадстаўляць інтарэсы заяўнікаў у грамадскім судаводстве. Гаворка ідзе выключна пра адвакатаў; працаўнікоў юрыдычных асобаў — па справах гэтых асобаў; упаўнаважаных грамадскіх аб’яднанняў, якім законам дадзена права прадстаўляць і абараняць у судзе правы і законныя інтарэсы сябраў гэтых грамадскіх аб’яднанняў і іншых асобаў; законных прадстаўнікоў; бліжэйшых родзічаў, мужа і жонкі; прадстаўнікоў, прызначаных судом; аднаго з працэсуальных саўдзельнікаў — па даручэнню гэтых саўдзельнікаў, а таксама пра патэнтнага паверанага.

Разам з тым, згодна ГПК, абавязак даваць доказы поўнасцю ўскладзены на ўдзельнікаў грамадзянскага працэсу, якія маюць права вольна распараджацца належачымі ім матэрыяльнымі і працэсуальнымі правамі. Аднак у практыцы грамадзянскага судаводства гэта права нельга рэалізаваць, калі грамадзяне жадаюць выкарыстаць у якасці прадстаўнікоў сваіх сяброў і знаёмых — людзей, якім давяраюць і якія валодаюць неабходнымі ведамі, але не пазначаным у спісе артыкула 72 ГПК.

Паколькі гэты артыкул абмяжоўвае правы грамадзян вычарпальным спісам іх прадстаўнікоў для ўдзелу ў грамадзянскім судаводстве, Валянціна Каваленка і Любоў Санкевіч звярнуліся ў Канстытуцыйны суд з просьбай узбудзіць вытворчасць па справе аб устараненні ў ГПК Рэспублікі Беларусь прабелаў, выключэння ў ім калізій і прававой нявызначанасці.

У сваім адказе начальнік сакратарыяту Канстытуцыйнага суду Аляксандр Каравай парэкамендаваў заяўнікам ліста звярнуцца ў тыя ўпаўнаважаныя дзяржаўныя структуры (прэзідэнт, Палата Прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Вярхоўны суд і Савет міністраў), якія валодаюць правам накіроўваць у Канстытуцыйны суд адпаведныя прапановы аб канстытуцыйнасці тых ці іншых айчынных нарматыўных прававых актаў.

Каментуючы ўзнікшую сітуацыю, юрыст Тамара Сяргей зазначыла, што з прыняццем у мінулым годзе Закона Рэспублікі Беларусь “Аб канстытуцыйнай вытворчасці” для грамадзянаў нібыта прыадчыніліся дзверы Канстытуцыйнага суду. “Але, як сведчаць вынікі ліставання бабруйчанак з Канстытуцыйным судом, закон можна прыняць і не выконваць яго”, — сказала юрыстка.

На яе меркаванне ліст жыхарак Бабруйску не быў разгледжаны суддзямі Канстытуцыйнага суду, бо не выйшаў за межы сакратарыяту гэтай дзяржаўнай установы. “Пры гэтым чыноўнік сакратарыяту Канстытуцыйнага суду нават не палічыў неабходным абгрунтаваць сваю выснову пра адсутнасць падставаў для ўзбуджэння справы ў гэтым судзе, што з’яўляецца парушэннем артыкулу 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”, — падкрэсліла Тамара Сяргей.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства