Брэст: актывістку руху “Маладая Беларусь” Наталлю Папкову выклікаюць у КДБ
Як паведаміла прадстаўніца моладзевай арганізацыі, па пошце ёй была дасланая позва, падпісаная супрацоўнікам КДБ Дзянісам Сямёнавым. З позвы вынікае, што 15 красавіка ў 14.00 Папкова абавязана з’явіцца ва ўпраўленне Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Брэсцкай вобласці для размовы ў рамках закона “Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці”.
Сама Наталля Папкова пакуль не можа дакладна патлумачыць, чаму ёю зацікавіліся спецслужбы, але не выключае, што гэта можа быць звязана з дзейнасцю руху “Маладая Беларусь” і спробай аказаць ціск на апазіцыйныя структуру напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
У апошнія гады Наталля Папкова займалася актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасцю, вылучала сваю кандыдатуру на выбарах дэпутатаў Брэсцкага гарадскога савета (але не была зарэгістраваная), брала ўдзел у выбарчых кампаніях у якасці назіральніка, а таксама ў разнастайных акцыях. Падчас апошняй з іх – сёлета напярэдадні Дня Волі – Наталля разам з калегамі па “Маладой Беларусі” раздавала ў цэнтры Брэста бел-чырвона-белыя стужкі.