viasna on patreon

Алесь Бяляцкі сустрэўся з Ёханасам Ханам напярэдадні візіту еўракамісара ў Мінск

2015 2015-04-15T10:58:30+0300 2015-04-15T11:54:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/hahn-bialiatski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ёханас Хан і Алесь Бяляцкі. Брусель, 15 красавіка 2015

Ёханас Хан і Алесь Бяляцкі. Брусель, 15 красавіка 2015

15 красавіка ў Бруселі адбылася ранішняя сустрэча кіраўніка ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнта FIDHАлеся Бяляцкага з еўракамісарам па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Ёханасам Ханам.

Еўракамісар пажадаў атрымаць з першых вуснаў інфармацыю пра бягучую сітуацыю ў Беларусі перад тым, як ужо сёння ўвечары паляціць у Мінск.

Па выніках сустрэчы Алесь Бяляцкі паведаміў, што галоўнай пры абмеркаванні была праблема палітычных зняволеных.

“Спадар Хан падкрэсліў, што пытанне палітзняволеных для Еўразвяза застаецца адным з прыярытэтных у адносінах з Беларуссю. Ён заверыў мяне, што гэтае пытанне не сыходзіць з павесткі дня Еўразвяза, што яны будуць трымацца ранейшай пазіцыі і дабівацца вызвалення палітзняволеных у Беларусі. Такім быў ягоны асноўны мэсэдж”, - распавёў праваабаронца.

Наконт агульнага становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Алесь Бяляцкі адзначыў у гутарцы з еўракамісарам тэндэнцыю на пагаршэнне: “Я сказаў, што з тых часоў як мяне выпусцілі, за 10 апошніх месяцаў, сітуацыя не палепшылася, а нават, наадварот, ёсць трывожныя прыкметы яе пагаршэння. Гэта датычыцца прэсінга палітвязняў, ціску на незалежных журналістаў, паправак у закон аб СМІ, якія ўяўляюць вялікую пагрозу свабодзе слова і свабодзе выказвання, апошніх вобшукаў у праваабаронцаў у Магілёве і Гомелі”.

Таксама праваабаронца выказаў меркаванне, што ніякія рэформы ў краіне не плануюцца і выбары, верагодна, будуць праведзеныя па старым сцэнары.

Алесь Бяляцкі заклікаў еўракамісара быць пільным у стасунках з беларускімі ўладамі, не верыць асабліва іх словам, а зважаць на іх канкрэтныя дзеянні.

Па словах кіраўніка “Вясны”, у Мінску Ёханас Хан правядзе афіцыйныя сустрэчы на вышэйшым узроўні, а таксама будзе сустракацца са сваякамі палітвязняў і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці краіны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства