У Магілёве сацыял-дэмакраты падалі заяўку на першамайскую дэманстрацыю
Актывісты Беларускай-сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) хочуць дабіцца ад чыноўнікаў дазволу на правядзенне дэманстрацыі ў цэнтры горада.
Заяўленай мэтай мерапрыемства з’яўляецца абарона працоўных, сацыяльных і палітычных правоў грамадзян Беларусі, пратэст супраць Дэкрэта №3 “Аб папярэджванні сацыяльнага ўтрыманства”, а таксама святкаванне Міжнароднага дня салідарнасці працоўных у барацьбе за свае правы.
Месцам для збору ўдзельнікаў дэманстрацыі выбраны скверык 40 год Перамогі, а дэманстрацыя ў выпадку дазволу пройдзе па вуліцы Ленінскай да плошчы Славы. Заяўленая колькасць удзельнікаў – да 500 чалавек.
Старшыня Ленінскай раённай арганізацыі БСДП г.Магілёва Дзмітрый Люнтоў адзначае, што сацыял-дэмакраты горада ўжо даўно не падавалі заяўкі на масавыя мерапрыемства.
- Мы ведаем, што ёсць рэзервацыя для апазіцыі на ўскрайку горада – гэта стадыён “Хімік”. Туды мы ніколі не пойдзем мітынгаваць і маршыраваць, бо 1 траўня – гэта свята ўсяго працоўнага народа, і святкаваць яго трэба на цэнтральных вуліцах горада, а не на ўскрайках, дзе няма ні людзей, ні дамоў, ні машын. Гэта свята прыдумана рабочымі, якія змагаліся за свае правы і ў выніку паклалі аснову для зараджэння сацыял-дэмакратыі, - кажа адзін заяўнікоў мерапрыемства Дзмітрый Люнтоў.
Нагадаем, што ў Магілёве за апошнія два гады не было дазволена ні аднаго масавага мерапрыемства з удзелам апазіцыі, у тым ліку ў вызначаным гарадскімі ўладамі месцы – на пляцоўцы стадыёна “Хімік”, па вуліцы Чалюскінцаў 64В.