viasna on patreon

Міёры: актывіст БХД страціў працу

2015 2015-04-15T16:08:25+0300 2015-04-15T16:08:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vasiljeu-siargej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Сяргей Васільеў з Міёраў страціў працу. З ім не працягнулі кантракт, бо не знайшлося занятку з улікам ягоных хваробаў. Нічога не змог прапанаваць і мясцовы цэнтр занятасці, хоць Сяргей Васільеў мае дзве вышэйшыя адукацыі і згодны ехаць працаваць нават у аддаленую вёску.

Гісторыя Сяргея Васільева тыповая для сучаснай Беларусі, дзе чалавек, заўважаны ў апазіцыйным руху, заўжды рызыкуе застацца беспрацоўным. У 2010 годзе міёрскі актывіст адседзеў у Мінску 15 сутак "за Плошчу", а калі вярнуўся дахаты, працы па спецыяльнасці для яго не знайшлося.

Васільеў, які мае дзьве вышэйшыя адукацыі, педагагічнуі і культуралагічную, змог уладкавацца хіба толькі грузчыкам на камбікормавы камбінат. Пасля гэтай працы пачаліся хваробы – лёгкія не вытрымалі пылу, і ад падняцця цяжару пачала балець спіна. Пошукі іншага занятку былі беспаспяховыя: апошнім месцам працы стала пасада памочніка акспедытара ў мясцовым райпа. Па сутнасці, гэта той самы грузчык, гаворыць Сяргей Васільеў:
"Я прасіў перавесці мяне на нейкую іншую працу ў райпа, але такой не знайшлося. Таму мне прапанавалі пайсці ў адпачынак за ўласны кошт да сканчэння кантракту 10 красавіка. Мне нічога не заставалася, як пагадзіцца, бо здароўе зусім здае. А 13 красавіка я пайшоў у цэнтр занятасці. Раней намеснік кіраўніка гэтай установы абяцаў, што мне знойдуць працу па спецыяльнасці. Аднак цяпер – толькі паставілі на ўлік. І ніводнай прапановы, хоць я прасіўся хоць у вёску, у нейкую бібліятэку, напрыклад. Але мне сказалі, што яны зачыняюцца і скарачаюцца. Дык каму верыць? Па тэлевізары ж кажуць, што ў нас усё квітнее!"

Яшчэ па тэлебачанні шмат гавораць пра тое, што Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава, кажа міёрскі актывіст. З гэтым ён таксама не можа пагадзіцца:
"Чалавек мае права на працу, але гэтае права немагчыма рэалізаваць. У цэнтры занятасці мне не прапанавалі нічога. Абсалютна нічога! І сказалі, што будуць плаціць грашовую дапамогу па беспрацоўі. Гэта 2 базавыя велічыні, 360 тысяч. На гэтыя грошы чалавеку прапануюць неяк жыць – плаціць за святло, цяпло, набываць лекі, я ўжо не кажу пра тое, каб апранацца і нешта есці. А самае галоўнае – гэтую дапамогу я змагу атрымаць толькі 20 траўня. Мала таго, што не даюць працы, дык яшчэ і змушаюць галадаць!"

Паводле Сяргея Васільева, у яго ўжо былі выпадкі, калі на працы паўставала пытанне пра ягоную грамадзянскую актыўнасць. Яму неаднаразова давалі зразумець, што людзі з крытычнымі поглядамі не патрэбныя ні на прадпрыемствах, ні ва ўстановах. Таму ў актывіста амаль няма надзеі на працаўладкаванне, затое відавочная перспектыва трапіць у лік вымушаных "дармаедаў".

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства