viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: Палітычнай волі на выкананне ўмоваў сяброўства Беларусі ў Савеце Еўропы няма

2015 2015-04-22T12:38:14+0300 2015-04-22T12:38:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stafanovich-pace.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч на паседжанні ПАСЕ у Страсбургу, 21 красавіка 2015 / Фота: euroradio.fm

Валянцін Стэфановіч на паседжанні ПАСЕ у Страсбургу, 21 красавіка 2015 / Фота: euroradio.fm

Пра гэта намеснік кіраўніка ПЦ "Вясна" заявіў 21 красавіка ў Страсбургу, выступаючы на ​​паседжанні камітэта Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па палітычных пытаннях і дэмакратыі. Слуханні праходзілі ў рамках падрыхтоўкі дакладу спецдакладчыка ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні.

Валянцін Стэфановіч распавёў пра бягучую сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. У пачатку свайго выступу ён адзначыў, што сёння ў краіне назіраецца развіццё двух паралельных і пакуль не звязаных паміж сабой працэсаў: з аднаго боку - інтэнсіфікацыі знешнепалітычных кантактаў МЗС Беларусі як з прадстаўнікамі асобных краін-сябраў ЕС, так і з структурамі ЕС у цэлым, з другога - поўная адсутнасць прагрэсу ў галіне правоў чалавека ўнутры краіны.

«Гаворачы пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, мы, як правіла, выкарыстоўваем словазлучэнне - стабільна цяжкая. Сапраўды, парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне даўно ўжо набылі сістэмны і сістэматычны характар. Гаворачы пра сістэмнасць парушэнняў правоў чалавека, я маю на ўвазе вельмі лімітаваны характар ​​асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства», - патлумачыў праваабаронца.

Ён назваў асноўныя праблемы, якія характарызуюць становішча грамадзянска-палітычных правоў у Беларусі.

Тут ён нагадаў, што многія законы, якія прымаюцца ў гэтай сферы, неаднаразова падвяргаліся крытыцы з боку як беларускіх праваабаронцаў, так і міжнародных арганізацый. Так, Венецыянская камісія Савета Еўропы неаднаразова ў сваіх заключэннях указвала на неадпаведнасць Канстытуцыі і нормам міжнароднага права палажэнняў Закона «Аб масавых мерапрыемствах» альбо артыкула 193.1 КК Беларусі (прадугледжвае крымінальную адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да двух гадоў за ажыццяўленне дзейнасці ад імя незарэгістраваных грамадскіх, рэлігійных і іншых арганізацый, фондаў). Улады, нягледзячы на ​​крытыку, тым не менш, працягваюць прымаць законы, якія аказваюць істотны ўплыў на правы грамадзян. У снежні 2014 былі прынятыя папраўкі ў закон аб СМІ, якія дазваляюць блакаваць любыя інтэрнэт-сайты без судовага рашэння. Яшчэ да ўступлення дапаўненняў у сілу шэраг незалежных інтэрнэт-рэсурсаў падвяргаліся блакіроўцы. Да ўсяго, у краіне працягваецца хваля рэпрэсій у дачыненні да журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, атрымаць якую проста немагчыма.

Таксама практычна немагчыма атрымаць дазвол на правядзенне мірнага сходу. «У Мінску ў год праходзяць толькі чатыры дазволеныя мясцовым ўладамі дэманстрацыі. У іншых гарадах іх практычна няма, а тыя нешматлікія, якія бывае дазваляюць, праходзяць у месцах, аддаленых ад цэнтра гарадоў, у маланаведвальных скверах альбо на пустых стадыёнах, і пры ўмове аплаты усіх выдаткаў па іх правядзенні арганізатарамі мерапрыемстваў», - удакладніў В.Стэфановіч.

У краіне практыкуюцца адвольныя затрыманні, якія ўжо даўно сталі нормай для ўлады. «Ужо нікога не здзіўляе той факт, што адны і тыя ж актывісты апазіцыі раптам дружна пачынаюць «лаяцца матам у грамадскіх месцах» напярэдадні значных грамадска-палітычных падзей - гэта будзе візіт Пуціна ў Мінск, правядзенне выбараў ці чэмпіянату па хакеі. Вынік адзін і той жа - масавыя адвольныя затрыманні і арышты да 25 сутак», - сказаў ён.

Асаблівую занепакоенасць праваабаронцаў выклікае тое, што ў турмах працягваюць знаходзіцца палітвязні - Мікалай Статкевіч, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч, Юрый Рубцоў. «Апошнія дзеянні ўладаў дэманструюць відавочнае нежаданне вырашаць дадзеную праблему. Так, Дзядок за пяць дзён да заканчэння тэрміну зняволення быў асуджаны да яшчэ аднаго году пазбаўлення волі; у дачыненні да Рубцова таксама ўзбуджаная новая крымінальная справа; Пракапенку адмоўлена ў памілаванні, нягледзячы на ​​яго просьбу пра гэта», - нагадаў В. Стэфановіч.

Таксама ён выказаў асцярогу, што з набліжэннем да выбараў рэпрэсіі супраць палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці будуць ўзмацняцца. Тут прывёў прыклады нападаў на праваабаронцаў, якія пачасціліся ў апошні час у рэгіёнах краіны: ператрусы і канфіскацыя тэхнікі ў офісе праваабаронцаў у Магілёве, спроба запалохвання і ціску на праваабаронцу Леаніда Судаленку з Гомеля.

І адна з прынцыповых для Савета Еўропы праблем: Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне. У мінулым годзе праваабаронцам стала вядома пра чатыры смяротныя прысуды, тры з якіх прыведзеныя ў выкананне, у гэтым годзе ўжо вынесены першы смяротны прысуд.

«Беларускія праваабаронцы, як ніхто іншы, хацелі б бачыць Беларусь сябрам Савета Еўропы. Імкненне да поўнага сяброўства ў Савеце Еўропы азначала б, што ўлады Беларусі падзяляюць каштоўнасны падыход да пытання правоў чалавека і сведчыла б пра пачатак сапраўднага, а не на словах, збліжэння з ЕС. Аднак, на дадзены момант мы не бачым палітычнай волі кіраўніцтва краіны, накіраванай на выкананне неабходных умоваў для сяброўства - адмену альбо ўвядзенне мараторыя на выкананне смяротнага пакарання, ратыфікацыю Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека і прызнанне кампетэнцыі Еўрапейскага суда па правах чалавека», - сказаў на заканчэнне прадстаўнік «Вясны».

У паседжанні камітэту Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па палітычных пытаннях і дэмакратыі з беларускага боку таксама ўдзельнічалі прадстаўнік руху "За свабоду" Алесь Лагвінец і старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мікалай Самасейка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства