viasna on patreon

МУС робіць спатканні з сваякамі сродкам уціхамірвання зняволеных

2015 2015-04-24T13:08:58+0300 2015-04-24T17:04:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/spatkanni_zniavolienyh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: arestant.msk.ru

Фота: arestant.msk.ru

Эксперт па праблемах пенітэнцыярнай сістэмы Павел Сапелка, параўнаўшы пенітэцыярныя правілы Беларусі і іншых былых савецкіх рэспублік, прыйшоў да высновы, што гэтае параўнанне відавочна не на карысць беларускіх зняволеных.

"Я не думаю, што кароткачасовыя спатканні на працягу двух гадзін неяк істотна паўплываюць на абмежаванне правоў і свабодаў тых, хто знаходзіцца пад вартай. Тым больш вы ведаеце: у нас ідзе лібералізацыя магчымасцяў, якія яны маюць. Гаворка пра пасылкі, перадачы, вагу пасылак. Мы падыходзім да гэтага пытання комплексна. Але дзве гадзіны ці тры гадзіны... Можа быць, для кагосьці гэта істотна, так. Ну, напэўна, не прынцыпова для нас з вамі[1]", - заявіў нядаўна міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.

Ці прынцыпова гэта для міністра? Безумоўна, не. Як не прынцыповыя, з таго ж пункту гледжання, шматлікія парушэнні правоў зняволеных на заканадаўчым і правапрымяняльным узроўні. Зняволеныя следчых  ізалятараў, якія яшчэ нават не абвешчаныя злачынцамі, не маюць права галасаваць на выбарах; у калоніях дыскрымінуюць працоўныя правы асуджаных; рэгулярна паступаюць паведамленні пра факты жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання з зняволенымі, ужываецца смяротнае пакаранне. На гэтым фоне дзве ці тры гадзіны - гэта сапраўды не прынцыпова для нас з вамі, тым больш, калі дзве ці тры гадзіны - гэта толькі максімальны час спаткання. А хто спытаў зняволеных і іх родных, якія, часцяком, едуць у калонію здалёк: ці прынцыповая для іх лішняя гадзіна сам-насам, хоць і пад наглядам аховы? Для многіх асуджаных такія спатканні засталіся апошняй ніткай, якая злучае іх з сям'ёй.

Хто задумваўся і пра такі аспект спаткання: яно - не толькі права асуджанага, але яшчэ і права яго родных на кантакты з блізкім чалавекам.

Турэмныя правілы ў Беларусі ў частцы прадастаўлення спатканняў і так празмерна жорсткія ў параўнанні з краінамі-суседзямі. У дадзеным выпадку будзе разгледжана пытанне прадастаўлення спатканняў зняволеным папраўчых калоній (для дарослых) і турмаў.

Працягласць спатканняў і кола асобаў, якім гэтыя спатканні прадастаўляюцца, вызначаецца крымінальна-выканаўчым заканадаўствам. У адпаведнасці з Крымінальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, асуджаным да пазбаўлення волі падаюцца кароткатэрміновыя спатканні працягласцю да чатырох гадзін і працяглыя спатканні да трох сутак у спецыяльна абсталяваным памяшканні на тэрыторыі папраўчай установы.

Такая фармулёўка загадзя выракае зняволеных на поўную залежнасць у вырашэнні пытання аб працягласці спатканняў ад меркавання адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі. Якіх-небудзь крытэрыяў, паводле якіх прадстаўнік адміністрацыі будзе ўстанаўліваць працягласць спаткання, не існуе.

Кола асобаў, якім даюцца спатканні з асуджаным у Беларусі, таксама вызначаны ў ВК: кароткатэрміновыя спатканні са сваякамі ці іншымі асобамі прадастаўляюцца асуджаным у прысутнасці работніка адміністрацыі папраўчай установы. З асобамі, якія не з'яўляюцца сваякамі асуджанага, кароткатэрміновыя спатканні прадастаўляюцца толькі па меркаванні адміністрацыі. Працяглыя спатканні даюцца з правам сумеснага пражывання асуджанага з блізкімі сваякамі.

Колькась спатканняў вызначаецца рэжымам утрымання зняволеных:

- асуджаныя да пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму маюць права мець тры кароткатэрміновыя і тры працяглыя спатканні на працягу года; пераведзеным на палепшаныя ўмовы ўтрымання дазваляецца дадаткова мець два кароткатэрміновыя і два працяглыя спатканні на працягу года;

- асуджаныя да пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму маюць права мець тры кароткатэрміновыя і два працяглыя спатканні на працягу года; пераведзеным на палепшаныя ўмовы ўтрымання дазваляецца дадаткова мець два кароткатэрміновыя і два працяглыя спатканні на працягу года;

- асуджаныя да пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму маюць права мець два кароткатэрміновыя і два працяглыя спатканні на працягу года; пераведзеным на палепшаныя ўмовы ўтрымання дазваляецца дадаткова мець адно кароткатэрміновае і адно доўгае спатканне на працягу года;

- асуджаныя да пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах асобага рэжыму маюць права мець два кароткатэрміновыя і адно доўгае спатканне на працягу года; пераведзеным на палепшаныя ўмовы ўтрымання дазваляецца дадаткова мець адно кароткатэрміновае і адно доўгае спатканне на працягу года;

- асуджаным, якiя адбываюць пакаранне ў турме на агульным рэжыме, дазваляецца мець два кароткатэрміновыя спатканні на працягу года; асуджаным, якiя адбываюць пакаранне ў турме на строгім рэжыме, дазваляецца мець адно кароткатэрміновае спатканне на працягу года.

Насуперак міжнароднай практыцы, за парушэнне ўстаноўленага парадку адбывання пакарання ў дачыненні да асуджаных да пазбаўлення волі могуць прымяняцца ў якасці спагнання пазбаўленне чарговага доўгага або кароткатэрміновага спаткання. Пры накладанні спагнання ў выглядзе пазбаўлення чарговага доўгага або кароткатэрміновага спаткання від спаткання, якога пазбаўляецца асуджаны, вызначаецца службовай асобай, што накладае дадзенае спагнанне. Асуджаны можа быць пазбаўлены бліжэйшага спаткання, на якое ён мае права на момант накладання спагнання.

Тыя ж нормы з адпаведнымі папраўкамі прымяняюцца да зняволеных жанчынаў (асуджаныя жанчыны ўтрымліваюцца ў папраўчых калоніях толькі ва ўмовах агульнага i строгага рэжымаў, яны не могуць утрымлівацца ў турме).

Мінімальныя стандартныя правілы абыходжання са зняволенымі[2] ўстанаўліваюць наступныя правілы абыходжання са зняволенымі ў гэтай частцы:

- Дысцыпліну і парадак варта падтрымліваць з цвёрдасцю, уводзячы, аднак, толькі тыя абмежаванні, якія неабходныя для забеспячэння надзейнасці нагляду і захавання належных правілаў інтэрната ва ўстанове;

- Зняволеным варта даваць магчымасць мець зносіны праз рэгулярныя прамежкі часу і пад належным наглядам з іх сем'ямі або сябрамі, якія карыстаюцца незаплямленай рэпутацыяй, як у парадку перапіскі, так і ў ходзе наведванняў;

- Асаблівую ўвагу трэба надаваць падтрыманню і ўмацаванню сувязяў паміж зняволеным і яго сям'ёй, якія ўяўляюцца пажаданымі і служаць інтарэсам абодвух бакоў;

- З самага пачатку адбыцця тэрміну зняволення варта думаць пра будучыню, што чакае зняволенага пасля яго вызвалення. Таму яму варта дапамагаць падтрымліваць і ўмацоўваць сувязі з асобамі або ўстановамі, якія знаходзяцца за сценамі ўстановы, якія здольныя абараняць інтарэсы яго сям'і і спрыяць яго ўключэнню ў жыццё грамадства пасля вызвалення.

У духу павагі такіх стандартаў вытрыманыя крымінальна-выканаўчыя законы дзяржаў, падобных з Беларуссю па ўзроўні развіцця і заахвочвання прававых каштоўнасцяў.

Крымінальна-выканаўчы кодэкс РФ вызначае працягласць спатканняў у адпаведнасці з названымі прынцыпамі: асуджаным да пазбаўлення волі прадастаўляюцца кароткатэрміновыя спатканні працягласцю ў чатыры гадзіны і працяглыя спатканні на трое сутак на тэрыторыі папраўчай установы. Кароткатэрміновыя спатканні прадастаўляюцца са сваякамі ці іншымі асобамі ў прысутнасці прадстаўніка адміністрацыі папраўчай установы. Працяглыя спатканні даюцца з правам сумеснага пражывання з мужам (жонкай), бацькамі, дзецьмі, усынавіцелямі, усыноўленымі, роднымі братамі і сёстрамі, дзядулямі, бабулямі, унукамі, а з дазволу начальніка папраўчай установы - з іншымі асобамі. Гэта азначае, што кола асобаў, якія могуць сустракацца са зняволенымі, значна шырэйшае за вызначанае ў беларускім законе: з асуджаным можа сустрэцца чалавек, які не з'яўляецца сваяком, без дазволу адміністрацыі ўстановы, а з дазволам такая асоба можа мець доўгае спатканне са зняволеным. Час такога спаткання дакладна замацаваны і не залежыць ад меркавання персаналу месцаў пазбаўлення волі.

Для зняволеных у Расіі прадугледжана значна большая колькасць спатканняў. Зняволеныя не могуць быць пазбаўлены спаткання ў якасці дысцыплінарнай меры.

У адпаведнасці з Выканаўчым кодэксам Рэспублікі Малдова 2004 года, па-за залежнасцю ад цяжару здзейсненага злачынства і віду пенітэнцыярнай установы, асуджаны мае права на адно кароткатэрміновае спатканне на працягу месяца і на адно доўгае спатканне на працягу квартала. Працяглыя спатканні не прадастаўляюцца: асуджанаму, у дачыненнi да якога прыпынена права на працяглыя спатканні; асуджанаму, пераведзенаму на першапачатковы рэжым у якасці меры дысцыплінарнага спагнання; асуджанаму да пажыццёвага зняволення, які знаходзіцца на першапачатковым рэжыме.

Паводле агульнага правіла, кароткатэрміновыя спатканні з жонкай (мужам), сваякамі да чацвёртай ступені сваяцтва ўключна, а ў выпадках, прадугледжаных Статутам адбыцця пакарання асуджанымі, з пісьмовага дазволу начальніка папраўчай установы, - з іншай асобай па выбары асуджанага прадастаўляюцца працягласцю ад аднаго да чатырох гадзін. Гэтыя спатканні праводзяцца ў спецыяльна абсталяваных памяшканнях, пад візуальным наглядам або відэаназіраннем прадстаўнікоў адміністрацыі папраўчай установы.

Працяглыя спатканні з жонкай (мужам), бацькамі, дзецьмі, братамі і сёстрамі, бабкамі, дзядамі і ўнукамі асуджанага, а ў выпадках, прадугледжаных Статутам адбыцця пакарання асуджанымі, з пісьмовага дазволу начальніка папраўчай установы, - з іншай асобай па выбары асуджанага прадастаўляюцца працягласцю ад 12 гадзін да трох сутак.

Начальнік пенітэнцыярнай установы павінен дазволіць спатканні паміж асуджанымі асобамі ў выпадку, калі асуджаныя знаходзяцца ў адной пенітэнцыярнай установе, калі яны ў шлюбных адносінах, пацвярджэннем чаго служыць копія пасведчання пра шлюб.

У якасці дысцыплінарнага спагнання прадугледжваецца прыпыненне права на кароткатэрміновыя і працяглыя спатканні на тэрмін да трох месяцаў; на час дысцыплінарнай ізаляцыі асуджанаму забараняюцца спатканні, за выключэннем наведванняў абаронцы.

У якасці заахвочвання дадаткова прадастаўляецца не больш за чатыры кароткатэрміновыя спатканні і два працяглыя спатканні ў год. Зняволеным, якія маюць непагашаныя дысцыплінарныя спагнанні, не могуць прадастаўляцца спатканні ў якасці меры заахвочвання. Спатканні ў якасці заахвочвання прадастаўляюцца толькі з мужам (жонкай) і сваякамі і не прадастаўляюцца з іншымі асобамі.

У выключных выпадках прадастаўляюцца і спатканні з іншымі асобамі: напрыклад, у адсутнасць мужа (жонкі) і іншых сваякоў, або калі яны не наведвалі зняволенага ў перыяд больш за адзін год, даюцца толькі кароткатэрміновыя спатканні. Працяглыя спатканні ў гэтым выпадку прадастаўляюцца толькі з асобамі, з якімі яны ў адносінах сужыцця або маюць агульных дзяцей.

Ва ўсіх выпадках прадастаўлення спатканняў з іншымі асобамі яны могуць быць дазволены адміністрацыяй установы толькі пры ўмове, што не акажуць негатыўнага ўплыву на вязня, а таксама пры наяўнасці ўпэўненасці ў тым, што спатканне не будзе выкарыстана для падрыхтоўкі або здзяйснення злачынстваў, знішчэння доказаў, запалохвання і ўздзеяння на сведак, ахвяраў ці іншых асобаў з іншымі незаконнымі мэтамі.

Паводле Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Казахстан 2014 года, асуджаным прадастаўляюцца спатканні: кароткатэрміновыя працягласцю ў дзве гадзіны, працяглыя на тэрыторыі ўстановы - на двое сутак.

Кароткатэрміновыя спатканні прадастаўляюцца са сваякамі ці іншымі асобамі ў прысутнасці прадстаўніка адміністрацыі папраўчай установы. Працяглыя спатканні даюцца з правам сумеснага пражывання з мужам (жонкай), блізкімі сваякамі (бацькі, дзеці, усынавіцелі, усыноўленыя, браты, сёстры, дзядуля, бабуля, унукі), у выключных выпадках з дазволу начальніка папраўчай установы - з іншымі асобамі. У залежнасці ад рэжыму ўтрымання ўстаноўлена колькасць спатканняў. Асуджаным, якія знаходзяцца на ільготных умовах утрымання, нават ва ўстановах максімальнай бяспекі, кароткатэрміновыя спатканні па колькасці не абмяжоўваюцца. У выглядзе дысцыплінарнага спагнання пазбаўленне спаткання ў Казахстане не прадугледжана.

Нават Крымінальна-выканаўчы кодэкс Туркменістана 2011 года ўстанаўлівае больш ільготную, у параўнанні з беларускім, працягласць спатканняў: кароткатэрміновыя - працягласцю ў чатыры гадзіны, працяглыя - да трох сутак. Кароткатэрміновыя спатканні са сваякамі ці іншымі асобамі прадастаўляюцца ў прысутнасці прадстаўніка адміністрацыі папраўчай установы. З асобамі, якія не з'яўляюцца сваякамі асуджанага, спатканні прадастаўляюцца толькі па меркаванні адміністрацыі папраўчай установы. Працяглыя спатканні даюцца з правам сумеснага пражывання толькі з блізкімі сваякамі (муж, бацькі, дзеці, усынавіцелі, усыноўленыя, родныя браты і сёстры, дзядуля, бабуля, унукі), а ў выключных выпадках, з дазволу начальніка папраўчай установы - з іншымі асобамі.

За парушэнне ўстаноўленага парадку адбывання пакарання ў дачыненні да асуджаных да пазбаўлення волі могуць прымяняцца пазбаўленне чарговага доўгага або кароткатэрміновага спаткання; пазбаўленне права на тэлефонныя размовы на тэрмін да аднаго месяца.

Пры гэтым Туркменістане ў папраўчых калоніях агульнага рэжыму асуджаным дазваляецца мець дванаццаць кароткатэрміновых і восем працяглых спатканняў на працягу года; асуджаныя, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях строгага рэжыму, могуць мець дзесяць кароткатэрміновых і шэсць працяглых спатканняў на працягу года; асуджаныя, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях асобага рэжыму, могуць мець восем кароткатэрміновых і чатыры працяглыя спатканні на працягу года. У турмах Туркменістана на агульным рэжыме асуджаныя маюць права на шэсць кароткатэрміновых спатканняў на працягу года; на строгім рэжыме асуджаныя маюць права на чатыры кароткатэрміновыя спатканні на працягу года.

Такім чынам, параўнанне пенітэнцыярных правілаў аказваецца відавочна не на карысць беларускіх зняволеных. Сустрэчы з роднымі і блізкімі, якія могуць і павінны стаць сродкам рэсацыялізацыі зняволеных, для беларускіх зняволеных сталі не частай радасцю, а хутчэй - адным са сродкаў уціхамірвання. Менавіта прыняццем новых нормаў і скарачэннем часу на кантакты зняволеных з блізкімі, насуперак меркаванню міністра ўнутраных спраў, як раз немінуча "нівелюецца выхаваўчая функцыя гэтых установаў".

[1] http://www.kp.by/daily/26362/3244297/

[2] Прынятыя на першым Кангрэсе Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па папярэджанні злачыннасці і абыходжання з правапарушальнікамі, які адбыўся ў Жэневе ў 1955 годзе, і адобраныя Эканамічным і Сацыяльным Саветам у яго рэзалюцыях 663 С (XXIV) ад 31 ліпеня 1957 і 2076 (LXII) ад 13 мая 1977 года

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства