viasna on patreon

Беларускія ўлады зноў не пусцілі ў краіну замежнага праваабаронцу

2015 2015-04-28T15:57:38+0300 2015-04-28T16:01:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lars-bnger.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ларс Бюнгер, cтаршыня праваабарончай арганізацыі  Libereco

Ларс Бюнгер, cтаршыня праваабарончай арганізацыі Libereco

Старшыня міжнароднай праваабарончай арганізацыі  Libereco - Partnership for Human Rights  Ларс Бюнгер паведаміў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, што на мінулым тыдні беларуская амбасада ў Берліне адмовіла яму ў візе.  

Гэта чацвертая адмова ў беларускай візе праваабаронцу, чыя арганізацыя апошнія чатыры гады ладзіць кампанію за вызваленне палітычных вязняў Беларусі. Папярэднія адмовы былі ў 2010, 2011 і 2013 гадах.

Паводле Ларса Бюнгера, гэтым разам ён планаваў узяць удзел у адмысловым падарожжы, арганізаваным нямецка-беларускім Міжнародным адукацыйным цэнтрам з нагоды 70-й гадавінай заканчэння Другой сусветнай вайны. “Мэтай гэтага падарожжа была сумесная беларуска-нямецкая даніна памяці і прымірэнне. Але, відавочна, нямецкія праваабаронцы - не тыя людзі, якіх беларускія ўлады хочуць бачыць на такой падзеі. Гэта цалкам зразумела паказвае, што такі дыктатарскі рэжым, як беларускі, не з'яўляецца прыдатным партнёрам для Германіі і Еўропы, каб пабудаваць адзіны еўрапейскі дом на аснове сумесных каштоўнасцяў свабоды, дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона. Немагчыма прыйсці да сапраўднага прымірэння паміж Германіяй і Беларуссю, пакуль краінай кіруе крымінальная дыктатура”, - кажа праваабаронца.

Аднак перашкоды з боку беларускіх уладаў не адбіваюць у яго жадання працаваць на карысць правоў чалавека ў Беларусі. “Азіраючыся на вынішчальную для Беларусі германскую вайну, я адчуваю сваю гістарычную адказнасць не заплюшчваць вочы на несправядлівасць, якая адбываецца ў Беларусі. Кожны сапраўдны сябар Беларусі павінен падтрымаць ахвяраў пераследу, у асаблівасці палітычных зняволеных. Урок, які я вынес з самай цёмнай часткі нямецкай гісторыі, палягае ў тым, што мы ніколі не павінны мірыцца з ціскам на людзей з боку дыктатарскіх рэжымаў. Вось чаму мы пачалі з Libereco некалькі гадоў таму выступаць супраць парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі”.  

Зрэшты Ларс Бюнгер адзначае, што чацвертая адмова ў візе не выклікала ў яго вялікага здзіўлення: “Кожны, хто ведае сутнасць ​​рэжыму Лукашэнкі, павінен ведаць, што праваабаронцы і дэмакраты не з'яўляюцца жаданымі гасцямі для беларускіх уладаў”.

Разам з тым кіраўнік Libereco выказвае спадзяванне, што урад Германіі і ЕС не будуць запрашаць Лукашэнку і яго прыхільнікаў на такія сустрэчы, як саміт ЕС у Рызе, да тых часоў, пакуль абаронцам правоў чалавека і міжнародным дэмакратычным актывістам забараняюць наведваць Беларусь і пакуль хаця б адзін палітычны зняволены знаходзіцца за кратамі ў гэтай краіне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства