Магілёўская абласная пракуратура выявіла хлусню ў адказе аблсавета
Пра гэта паведаміў магілёўскі журналіст Уладзімір Лапцэвіч.
Карэспандэнт БелаПАН паскардзіўся ў Магілёўскую абласную пракуратуру з прычыны таго, што галоўны спецыяліст Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Нальгачоў не панёс належнае пакаранне за парушэнне закона “Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб”.
Раней у сваім пісьмовым адказе намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык прызнала, што 15-дзённы тэрмін адказу на зварот быў прапушчаны і Нальгачову было ўказана на недапушчэнне паўтору ў далейшым падобных фактаў.
- Мяне здзівіла тое, што яму проста паматлялі пальчыкам і сказалі, што так не робіцца, аднак не пакаралі рублём. Па закону за падобнае парушэнне прызначаецца штраф у памеры ад 4-х да 10-ці базавых велічынь. Вось я і звярнуўся ў пракуратуру, каб яны правялі праверку і прымусілі заплаціць штраф за парушэнне закона. Тым болей, што гэта не першае парушэнне з боку Нальгачова. Летась ён адмовіўся выдаць мне кнігу скаргаў і прапаноў па першым патрабаванні, - кажа Уладзімір Лапцэвіч.
Тым часам Магілёўская абласная пракуратура ў сваім адказе за подпісам першага намесніка пракурора Магілёўскай вобласці Пімашкова паведаміла, што Магілёўскім абласным Саветам дэпутатаў у асобах старшыні Савета Ісачанкі і галоўнага спецыяліста Савета Нальгачова закон аб звароце грамадзян не быў парушаны. Прычына таму – зварот журналіста патрабаваў дадатковага вывучэння і праверкі ?і ў гэтым выпадку адказ Магілёўскі аблсавет мог даць не пазней чым праз месяц, што і было зроблена.
Атрымліваецца, што Магілёўскі аблсавет даў журналісту хлуслівы адказ і сказіў факты. У сувязі з гэтым Уладзімір Лапцэвіч збіраецца падаваць заяву ў суд, каб канчаткова раставіць усе кропкі над “і” ў гэтай гісторыі.
Нагадаем, што больш за год магілёўскі карэспандэнт БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч спрабуе патрапіць на адкрытыя пасяджэнні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, аднак яму адмаўляюць у гэтым па розных прычынах. Зварот у аблсавет быў прысвечаны таксама гэтаму пытанню.