Журналістку Вольгу Чайчыц будуць судзіць за супрацу з «Белсатам»
Яе вінавацяць па артыкуле 22.9 КаАП (праца без акрэдытацыі на замежныя СМІ). Паводле дзяўчыны, позву ёй не ўручылі асабіста, а даслалі па пошце.
«Для высветлення абставінаў я прыйшла ў фаніпальскае аддзяленне міліыцыі, дзе праваахоўнікі адмовіліся праводзіць размову па-беларуску. Я папрасіла, каб мне прадставілі перакладчыка, але мне прапанавалі размаўляць па-кітайску. Нібыта ў нас дзве дзяржаўныя мовы, і кожны размаўляе як хоча».
Выклік у міліцыю звязаны з матэрыялам, які з’явіўся на старонцы belsat.eu.
Міліцыянты паказалі дзяўчыне раздрукоўкі з сайта з нядаўнім сюжэтам, які датычыў грамадскага абмеркавання забудовы ў Фаніпалі.
«Як сказаў супрацоўнік пастарунку, супраць мяне асабіста негатыву няма, дадаўшы, што можа гэта і добры матэрыял. Калі б мы проста рабілі матэрыял, але не паказвалі яго, ніякага б правапарушэння не было, але выстаўляць у інтэрнэце мы не мелі права. Таму трэба перадаць справу ў суд, дата якога пакуль не вызначана».
На думку Вольгі, яе будуць судзіць разам з Сяргеем Краўчуком, які таксама раней атрымаў позву за гэты матэрыял.
Сёлета беларускіх журналістаў ужо 12 разоў прызнавалі вінаватымі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП, а агульная сума штрафаў па гэтым артыкуле перасягнула суму ў 60 мільёнаў рублёў.