Жлобін: гея білі і зневажалі з-за яго нетрадыцыйнай арыентацыі
У Жлобіне невядомыя напалі на мясцовага жыхара з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй. 32-гадовага Аляксандра моцна збілі, знялі з яго вопратку, парвалі кашулю і футболку. Маладога чалавека абражалі, прычым здымалі ўсё гэта на відэакамеру, і прымушалі гаварыць на камеру, што ён – гей і «спіць з малалеткамі». У Аляксандра забралі і разбілі мабільны тэлефон, пагражалі «парэзаць на кавалачкі».
Па словах Аляксандра К., гэта адбылося 28 красавіка. Папярэдне ён не звяртаўся ў міліцыю, бо быў моцна напалоханы, потым сябры ўгаварылі яго напісаць заяву і зняць пабоі. «Было шмат сінякоў, да 6-10 сантыметраў у дыяметры. Білі нагамі», - гаворыць малады чалавек.
У той вечар ён быў на дачы каля Жлобіна. Нечакана патэлефанавала знаёмая, прапанавала сустрэцца, прычым тэрмінова. Прычыны яна не назвала. Аляксандр згадзіўся. «Я сустрэў яе на станцыі. Размова была ні аб чым, з пустога ў парожняе. Спытаўся – у чым была такая тэрміновасць сустрэчы? Яна адказала, што проста даўно не бачыліся, і прапанавала прагуляцца, прычым настойвала, каб ішлі менавіта ў бок крамы. Калі ішлі, ужо было цёмна, і раптам аднекуль з'явіліся чатыры ці пяць маладых людзей, незнаёмых. Яны спыталіся цыгарэту, я не паспеў нічога адказаць, як яны павалілі мяне на зямлю і пачалі збіваць нагамі, пры гэтым увесь час крычалі і абражалі мяне», - расказаў Аляксандр.
Яго прымушалі распранацца, здымалі на відэа. Нападаючыя крычалі, што «мы зараз будзем рабіць з табой тое, што ты робіш з іншымі геямі».
8 траўня Аляксандра выклікалі ў міліцыю наконт яго заявы і паведамілі, што асобы тых, хто збіваў яго, ужо вядомыя праваахоўным органам.
Па словах маладога чалавека, не першы раз ён цярпеў абразы і напады з-за сваёй нетрадыцыйнай арыентацыі.
Сябра праваабарончага праекту «Ідэнтычнасць» Раман Т. дадае, што яму вядомыя і іншыя выпадкі збіцця геяў у Жлобіне і Гомелі, але пацярпелыя не звярталіся ў міліцыю. «1 траўня ў гарадскім парку Жлобіна напалі на аднаго гея, моцна збілі – быў сіняк на ўвесь твар, але ён пабаяўся звяртацца ў міліцыю», - заўважыў Раман. Такія выпадкі ён называе злачынствам на глебе нянавісці. «Гэта не проста бойка, не проста хуліганства, а загадзя прадузятае стаўленне да чалавека за прыналежнасць да іншай групы. Зараз дзякуючы інтэрнэту ўсе прасцей знайсці людзей са сваёй арыентацыяй, і некаторых людзей, назавём іх групай Ікс, не задавальняе гэта адкрытасць, бо яны не зусім усведамляюць сваю сексуальнасць. Яны не могуць прыняць сябе – і таму б'юць іншых, сексуальную энергію яны трансфармуюць у нянавісць», - тлумачыць сябра праваабарончага праекту.
Нагадаем, у Мінску пасля збіцця з-за нетрадыцыйнай сексуальнай арынтацыі вельмі моцна пацярпеў Міхаіл Пішчэўскі. Ён і зараз знаходзіцца ў цяжкім стане, пад кропельніцамі, жыццё трымаецца толькі на леках. Родныя маладога чалавека спадзяюцца толькі на цуд. Міхаіл Пішчэўскі быў збіты 25 траўня мінулага года каля сталічнай кавярні «Андэрволд» пасля канфлікту на глебе варожага стаўлення да геяў. У выніку траўмы галавы Міхаілу Пішчэўскаму былі вымушаны зрабіць аперацыю і выдаліць 20% мозгу. Абвінавачаны атрымаў 2 гады 8 месяцаў зняволення. Яго прызналі вінаватым у нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці. Справа пераглядалася судом, але плёну гэта не прынесла.
На здымку - злева - Аляксандр, справа - Раман