Бяроза: прызначана дата разгляду ў судзе справы аб забароне пікета да 25 сакавіка
12 траўня аб 11 гадзіне ў судзе Бярозаўскага раёна будзе разглядацца скарга праваабаронцаў Сяржука Русецкага і Тамары Шчапёткінай, а таксама грамадскай актывісткі Таццяны Тарасевіч на адмову Бярозаўскага райвыканкама ў правядзенні пікета на 25 сакавіка.
Адмова была падпісана намеснікам старшыні райвыканкама Яўгенам Тарасюком. Праваабаронцы адназначна нязгодныя з тым, што мэты пікета: адзначэнне чарговай гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі і патрабаванне вызвалення палітвязняў распальваюць нацыянальную варожасць.
- У заяве не ўзгадваецца ніводная краіна, ніводная нацыянальнасць. Немагчыма патлумачыць, у чым бярозаўскія ідэолагі ўбачылі распальванне нацыянальнай варожасці, -- адзначае адзін з заяўнікаў пікета Сяржук Русецкі.
Гэта не першая спроба Русецкага, Шчапёткінай і Тарасевіч дамагчыся выканання канстытуцыйнага права на мірныя сходы. Трэці год яны абскарджваюць забароны пікетаў райвыканкамам ў судах, але суды кожны раз становяцца на бок чыноўнікаў. За два з паловай гады барацьбы актывісты дамагліся толькі таго, што цяпер не патрэбна адначасова з заявай на пікет падаваць дамовы з міліцыяй, бальніцай і ЖКГ, пра што ім паведамілі чыноўнікі райвыканкама ў апошняй адмове на пікет.