viasna on patreon

Аўтобусны прыпынак, падвал, закінуты дом, парк, зона адчужэньня або Дзе жывуць ЗК пасьля вызваленьня

2015 2015-05-11T13:14:15+0300 2015-05-11T13:14:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zeki.jpg
Ряды заключенных заметно поредеют. Photo.ByMedia.Net

Ряды заключенных заметно поредеют. Photo.ByMedia.Net

У беларускіх турмах чакаюць амністыі, прымеркаванай да 70-годзьдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Да катэгорыі асобаў, якія трапляюць пад яе, належаць асуджаныя за няцяжкія злачынствы. 

Паводле папярэдніх разьлікаў МУС, у выніку амністыі могуць быць вызваленыя з папраўчых устаноў закрытага тыпу каля 2 тысяч 230 чалавек, з папраўчых устаноў адкрытага тыпу — каля 900 чалавек, 9 тысячам 300 асуджаным будзе скарочаны тэрмін пакараньня. Згодна з ацэнкамі праваабаронцаў, прыкладна кожны пяты беларускі асуджаны выходзіць з турэмнай брамы ў нікуды.

Вадзім Дуднік: «Калі мяне судзілі, дом яшчэ стаяў, а калі вярнуўся, нічога не было»

Сёлета напрадвесьні, адседзеўшы два з паловай гады ў Мазырскай калёніі № 20, у сваю вёску Забалоцьце, што ў Буда-Кашалёўскім раёне, вярнуўся 27-гадовы Вадзім Дуднік. Але вось дома свайго, як і многіх іншых дамоў так і не застаў. На іх месцы была вялікая пустка, выежджаная бульдозэрамі. Усяго было закапана недзе паўвёскі. Застаўся, праўда, прыдарожны архітэктурны помнік загінулым савецкім воінам з надпісам: «Память о тебе мы сохраним навек, герой, солдат, советский человек!»

 ...У дзяцінстве ў Вадзіма Дудніка была сям’я: бацька, маці, брат, бабуля. У Беларусь Дуднікі-старэйшыя пераехалі з Украіны. Маці Алена, заатэхнік па спэцыяльнасьці, працавала працяглы час на мясцовай фэрме, а бацьку Сяргея калгас «Іскра» з ахвотай узяў зваршчыкам, бо той яшчэ з войска меў у прафэсіі самы высокі шосты разрад і асабістае таўро. У 16-гадовым узросьце Вадзім застаўся адзін. Сіратой апекавалася жанчына з аграгарадку Шырокае, ды так, што Вадзім ня скончыў сярэднюю школу. Стаў працаваць у саўгасе, што называецца, «майстрам на ўсякі спосаб»:

«Жыў я ў апякункі, — гаворыць Вадзім. — Каб выправіць вучыцца, дык не: ідзі працуй. А да працы мяне маці зь дзяцінства прывучыла. Пастаянна, калі быў дзень калгасьніка ці яшчэ нейкая нагода, мне падзяка, грашовая прэмія. Шмат што ўмею, шмат што магу». Вадзім мог, канечне, і тое, што не дазволена — напрыклад, звадзіць чужую машыну, каб пракаціцца. Дыскатэка, хмель, аўтамабіль. Праз тое і за краты трапляў ажно тры разы. Апошні раз адбываў два з паловай гады ў ПК-20. Адтуль давялося вяртацца ў нікуды. Некаторы час «бамжаваў на аўтобусным прыпынку», пакуль не прытуліў школьны сябар.

 «Калі мяне судзілі, дом яшчэ стаяў, а калі вярнуўся, дома не было. У сувязі з перапляніроўкай тэрыторыі, якую праводзілі мясцовыя ўлады перад абласнымі „Дажынкамі“, нават і фундамэнту не засталося. Зраўнялі ўсё. Асабліва шкада, што разам з домам закапалі і дарагія мне рэчы: граматы па шахматах, па бегу, падзякі, фоты, дакумэнты. Я знайшоў на пустцы толькі мячык, зь якім гуляў у дзяцінстве. Усё пайшло ў зямлю...»

Два месяцы пасьля адбыцьця пакараньня ў Вадзіма Дудніка пайшло на тое, каб нанова прыстасавацца да звычайнага цывільнага жыцьця. Паводле беларускага заканадаўства, кругламу сіраце, «гарантуецца права на атрыманьне жылых памяшканьняў сацыяльнага карыстаньня дзяржаўнага жыльлёвага фонду». Дый дом, у якім прапісаны чалавек, ніхто ня мае права руйнаваць. Цяпер у Вадзіма няма нічога — ні сацыяльнага жытла, ні дома:

«Зьвяртаўся ў Шырокаўскі сельскі савет да старшыні Юлі Шаўцовай — яна сказала, што я ўтрыманец дзяржаўны і шмат чаго патрабую»

Тым часам журналістам, якія адмыслова прыехалі ў Забалоцьце для высьвятленьня пытаньня аб зносе дамоў, сп. Шаўцова патлумачыла: маўляў, тыя хаты стаялі разбураныя, таму было прынятае рашэньне "рэкультываваць участкі для далейшага ўключэньня ў севазварот"...Потым усплыла і такая акалічнасьць: у гэтых самых неіснуючых дамах былі прапісаныя людзі. Штампы аб рэгістрацыі сельсавецкія паставілі ў пашпарты ажно сямі чалавекам. Сярод іх і школьны сябар Вадзіма — Андрэй Карыцька з сынам. Той самы, які даў Дудніку часовы прытулак.

Андрэй Карыцька распавёў, што некалі ён з жонкай часова зьехаў зь вёскі да цешчы ў Гомель, бо там знайшлася праца на вагонарамонтным заводзе. Калі нарадзіўся сын, прыехаў дадому прапісаць яго. У сельсавеце малога зарэгістравалі без пытаньняў. Потым, калі Карыцька ізноў апынуўся ў Забалоцьці, убачыў, што ад хаты нічога не засталося. Андрэй спытаўся ў сельсавецкіх: а дзе ж дом? Тыя зьдзівіліся: а ён там быў? Хоць самі там сына і прапісалі.

Цяпер Андрэй зь сям’ёй жыве за 15 кілямэтраў ад Забалоцьця. Працуе нарыхтоўшчыкам другаснай сыравіны. Кажа, што прапанаваў свой кут Вадзіму, бо таму наўпрост не было куды падзецца: Карыцька:"Куды Вадзіму цяпер? У яго ж нічога няма. Як кажуць, ні дома, ні радзімы, ні сьцяга. У калгас пайсьці? Месцаў няма, працы таксама няма. З-за таго, што не было куды падзецца, і сябры ў яго такія былі — ён зь імі вечна трапляў у нейкую гісторыю«. ...Акрамя сельсавету, зьвяртаўся Вадзім і ў райвыканкам. Там патлумачылі, што «манэўранага жыльлёвага фонду ў іх няма, інтэрнату няма — нічога няма. Маўляў, шукай шчасьця па Беларусі».

Да таго ж высьветлілася, што статусу сіраты ў Дудніка... таксама няма. Кажа, што недзе праз два тыдні ў райвыканкаме зьбіраюцца абмеркаваць гэтае пытаньне. Потым дакумэнты адашлюць у Гомельскі аблвыканкам.

«Пасьля ўжо дадуць адказ: альбо адновяць у правах сіраты, альбо зноў прыйдзецца бамжаваць ды жыць на прыпынку». Вадзім Дуднік зьбіраецца зьвярнуцца і ў адміністрацыю прэзыдэнта — можа, там хутчэй разьбяруцца.... Лукашэнку ён, дарэчы, паважае і на бліжэйшых выбарах будзе галасаваць за яго. «Паглядзіце, як мы няблага жывём, — заўважае хлопец, — а цяжкасьці яны паўсюль ёсьць».

...Вадзім спадзяецца, што неўзабаве пойдзе працаваць. Пакуль жа крыху дапамагае Андрэю ў гаспадарцы. Цяпер вось майструе ля дому дзіцячую пляцоўку. З арэлямі, горкай, Бабай Ягой з драўлянай ступай, Бурацінам ды іншымі казачнымі героямі. Марыць, што можа калісьці й ягоныя дзеці прыедуць да Андрэевых і пагушкаюцца на арэлях. У плянах Вадзіма — вучыцца, знайсьці добрую жанчыну, стварыць сям’ю. Ён лічыць, што турма яго выправіла. «У падвалах, адчуваеш сябе нашмат вальнейшым чалавекам, чым у розных начлежках»

Хапае выпадкаў, калі нават малы турэмны тэрмін дзеліць жыцьцё чалавека на «да» і «пасьля» калючкі. Нярэдка той, хто да зьняволеньня меў сям’ю, жытло, працу, вяртаецца пасьля адседкі дадому і бачыць, што застаўся без анічога. У тым ліку бяз даху над галавой. Наступныя ўдзельнікі праграмы прайшлі праз такі досьвед. Часовы прытулак у доме для асобаў бяз пэўнага месца жыхарства яны адкінулі і сьвядома абралі бадзяжніцтва як лад жыцьця.

«Жывучы ў падвалах, адчуваеш сябе нашмат вальнейшым чалавекам, чым у розных начлежках Тут няма дысцыпліны, усіх тых правілаў, якія прынята выконваць у розных спэцустановах», — напісаў намасуджаны Аляксандар.

Паводле ягоных словаў, жытла яго пазбавілі камунальшчыкі ў 1990-я, калі першы раз сеў у калёнію. Цягам той адседкі памерлі бацькі. Кватэра была непрыватызаваная, і Аляксандра элемэнтарна выпісалі, а жытло прадалі іншым. Пасьля вызваленьня хлопец пратрымаўся на свабодзе нядоўга, пакуль нешта ня скраў. З таго часу за краты трапляе кожныя два-тры гады пасьля кароткай, так бы мовіць, камандзіроўкі ў «вольны сьвет». Хутка зноў вызваленьне, і зноў — у падвал...

...Андрэй, як сам кажа, сядзеў толькі аднойчы. Аднак пасьля таго, як выйшаў з турмы, у сям’і ў яго не заладзілася. Кажа, што жонка, якая прыватызавала кватэру, знайшла іншага мужыка, а яго выставіла на вуліцу. З таго часу начуе пераважна ў закінутых дамах ды падвалах. Зімой зьбірае бутэлькі, летам працуе на вёсцы. На пытаньне, ці хацеў бы вярнуцца да нармальнага жыцьця, адказвае станоўча.

...Сяргею пад 60, за кратамі праседзеў палову жыцьця. З жонкай і дзецьмі сувязь страчаная. Калі пасьля апошняга тэрміну прыйшоў да старэнькай маці, тая расплакалася і сказала: сынок, дай мне спакойна памерці. Матчыных сьлёз ня вытрымаў — з таго часу жыве ў падвалах або на паддашках шматпавярховак. Спэцыяльнасьцяў мае шмат, але з-за шматлікіх судзімасьцяў працадаўцы ня хочуць мець зь ім спраў. Калі б усё можна было пачаць з нуля, безумоўна, ня стаў бы паўтараць той шлях.

...Былыя ЗК Сяргей, Міхаіл, Аляксандар зь першымі цёплымі днямі перасяляюцца ў летняе жытло, то бок з падвалаў — на вуліцу. Паводле іх, сядзелі за крадзяжы. Сваіх былых сямейнікаў нават і ня ўзгадваюць. Затое часта і з прыемнасьцю ўзгадваюць турму. Гэта тое месца, дзе яны заўсёды атрымаюць дах над галавой ды ежу.

Як лічыць Сяргей, турма яго перавыхавала і цяпер ён «больш ня крадзе —. нармальныя людзі там свае памылкі усьведамляюць, бо на волю ў турме дужа хочацца».

Міхаіл успамінае пра турэмныя касты. Кажа, што сам ён на зоне належаў да касты «мужыкоў», а «мужыкі» на зоне працуюць заўсёды. Адрозна ад «блатных», бо ім, як кажуць, гэта «ў падлу». «Мужыкі» усё могуць зрабіць «на пяць балаў, нават з плюсам».

Паводле Аляксандра, які праз слова мацюкаецца, і за плячыма якога ня толькі калёнія, але і год у ЛПП, пасьля адседкі ён «нікому не патрэбны» і нічога яго «нідзе не трымае». Па прафэсіі, сьлесар-інструмэнтальшчык, ён патаемна рабіў на зоне нажы ды прадаваў іх, каб выжыць. Такія самотныя як ён у калёніі пасылак не атрымліваюць. З промкі шырспажыву выцягнуў больш, чым трэба. Мяняў гэта на цыгарэты і гарбату. Калі пра гэта даведаліся, промку для Аляксандра забаранілі. Сядзеў бяз працы, гуляў у нарды, шахматы, шашкі. «На зоне, кажа, добрыя працоўныя рукі не патрэбныя. Там недзе 80% не працуюць».

Ці магчыма забясьпечваць бяздомных зэкаў жытлом у сельскай мясцовасьці?

Калі былыя зьняволеныя апынаюцца на свабодзе, але ім няма дзе жыць, ці магчыма ім паспрыяць, каб быў дах над галавой? Хто гэтым павінен займацца? Гарадзенцы, зь якімі мы размаўлялі на пешаходнай вуліцы Савецкай, мяркуюць, што перш патрэбная праца, безь якой былому зьняволенаму ня будзе на што жыць і плаціць за жытло. Па ідэі, іх варта было б забясьпечваць квадратнымі мэтрамі ў інтэрнаце. Але ў горадзе людзі па-ранейшаму трымаюцца за інтэрнаты, свабоднай жылплошчы ня знойдзеш. Магчыма, тых, хто выйшаў з турмы, лягчэй забясьпечыць жыльлём у вясковай мясцовасьці. Але і гэта няпроста. Ніхто ня будзе даваць інтэрнат ці нават старую хату, калі гэтыя людзі ня пойдуць працаваць у мясцовую гаспадарку. Між тым, лічаць апытаныя, «бяздомны чалавек рана ці позна мусіць зрабіць злачынства». 

Герой фільма, які журналісты маскоўскай праграмы «Совершенно секретно» зрабілі да 22-й гадавіны аварыі на ЧАЭС — былы зэк Іван. У свой час, не знайшоўшы сябе ў соцыюме, вырашаў паспрабаваць сапраўды вольнага, як ён лічыў, жыцьця сярод дзікай прыроды ды на бязьлюдзьдзі, а менавіта ў 10-кілямэтровай чарнобыльскай зоне на беларуска-украінскай мяжы.

Гісторыя такая. У 1986 Іван сядзеў у папраўчай калёніі строгага рэжыму ў Івацэвічах. Пасьля вызваленьня, а гэта было яшчэ ў савецкія часы, апынуўся ў сапраўдным замкнёным коле: з жонкай разышліся, з жылплошчы выпісаны, на працу без прапіскі не ўладкавацца, а зарабляць, прычым нямала, было трэба, каб выплачваць алімэнты. «Калі б ты прыйшоў з войска, — гаварылі былому ЗК гомельскія чыноўнікі, — то мог бы атрымаць жытло. За краты цябе радзіма не накіроўвала. Уладкоўвайся сам — краіна вялікая».

Працу ды нейкае жытло знайшоў у суседняй Украіне. Так прайшлі 10 гадоў. З надзеямі на новае жыцьцё вярнуўся на радзіму, цяпер ужо ў незалежную Беларусь. Але, як пры Саветах, яго зноў чакалі беспасьпяховыя паходы па кабінэтах. Чарнобыльская зона адчужэньня выглядала адзіным выйсьцем. Потым пры сустрэчы з журналістамі Іван гаварыў, што ўсяго некалькі год такога жыцьця дапамаглі яму зьняць велізарны стрэс, які набраўся ў ім за час турмы ды пасьля вызваленьня...

Што цяпер з гэтым чалавекам — невядома. Як кажуць кіеўскія сталкеры, якія водзяць на месца катастрофы турыстаў-экстрэмалаў, здаецца яшчэ гады тры таму яны сустракалі Івана ў лесе і паміж сабой празвалі Рабінзонам. Рабінзон нібыта быў не адзін, а зь Пятніцай — жанчынай, якая раней жыла ў памежным з зонай населеным пункце. Убачыўшы Івана, яна настолькі закахалася, што кінула мужа ды пайшла за незнаёмым мужчынам у лес...

...На самым пачатку самотнага жыцьця ў зоне Івану дапамаглі лесьнікі: За што ім вельмі ўдзячны... Потым, даведаўшыся, хто гэты самасёл, адкуль, яго пачалі правяраць як украінскія, так і беларускія міліцыянты. Бралі адбіткі пальцаў, вазілі па розных інстанцыях. Нават у камэры Івану давялося пасядзець. На разьвітаньне яго накармілі, далі хлеба ды кілбасы, прывезьлі назад і сказалі: «Жыві, Іван, куды табе ісьці?»

Жыў Іван бяз грошай, але з бартэру. Мяняў, напрыклад, у бліжэйшых вёсках рыбу ці мяса на хлеб, соль, запалкі, іншыя неабходныя рэчы... Нейкія зьдзелкі, зразумела, даводзілася рабіць зь міліцыяй:

«Для міліцыянтаў зона — гэта нешта кшталту базы. Толькі давай. Тут запаведнік, зьвяроў шмат. Цяпер тут пальба, як на вайне. Чаму людзі сталі настолькі нахабнымі, што ў запаведніку вядуць паляваньне? Мяне іншы раз нават зло бярэ. Але што я магу?»

Калі гаварыць пра «жыхароў» лясоў 10-кілямэтровай зоны, то бамжы Івану не сустракаліся, бо «яны звычайна ў гарадох, там, дзе людзі. Каго час ад часу даводзілася бачыць, дык гэта зэкаў, у тым ліку ўцекачоў. Быў выпадак, калі капаў агарод. Раптам зь лесу выйшлі двое з маленькімі сякеркамі. Папрасіліся вады папіць. У зэкаўскай форме, толькі бязь бірак. Прапанаваў ім: хлопцы, можа, бярозавага квасу? Заходзьце ў хату. Можа, вам хлеба, сала? Не! Папілі вады ды пайшлі...»

«Я сам нікога не баюся, — сьцьвярджаў Іван. — Я абышоў усю зону адчужэньня. У такой глушы бываў. Бачыў стаянкі зэкаў-уцекачоў, рыбалку іхнюю. Але яны адразу хаваюцца, бо я хаджу з карабінам. Такія толькі тут бачаць адзіны паратунак. 30-кілямэтровая зона глухая. А калі браць 10-кілямэтровую, дык гэта ўвогуле джунглі. Хоць верталёты і кружаць пастаянна, але... Гэта найлепшае месца для ўцёкаў ды выкананьня выракаў».

Меркаваньне прафэсара Бандажэўскага

Былы беларускі вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі, які сёньня жыве і працуе ва Ўкраіне, у Іванкаўскім раёне Кіеўскай вобласьці мяркуе, што і цяпер, напярэдадні 30-й гадавіны чарнобыльскай катастрофы ў зоне адчужэньня знойдзеш самых розных людзей, у тым ліку сумнеўных з гледзішча бясьпекі. Камэнтуючы сытуацыю зь нядаўнімі пажарамі ў самым цэнтры радыяцыйна забруджанай тэрыторыі, якая павінна пільна ахоўвацца дзяржавай, прафэсар Бандажэўскі кажа: калі такое здараецца, гэта выклікае самыя розныя непрыемныя думкі. Ён не выключае, што тут можа быць наўмысны падпал.

«Ва Ўкраіне сёньня хапае праблемаў і без Чарнобыля. Як закрыць зону адчужэньня для людзей — гэта ўжо праблема ўладаў. Ахоўваюць жа ў Беларусі велізарныя тэрыторыі, і ніхто проста так у зону не прыяжджае. У Беларусі нашмат больш жорсткі, чым ва Ўкраіне, ахоўны рэжым. Украінскія ж улады вельмі легкадумна ставяцца да зоны адчужэньня», — лічыць былы палітвязень і навуковец Юры Бандажэўскі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства