У Лябедзькі – канфіскацыя кніг на мяжы і пошук зброі ў кватэры
На памежным пераходзе «Каменны Лог» уначы 9 траўня пры перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы ў старшыні АГП Анатоля Лябедзькі былі канфіскаваныя 38 асобнікаў ягонай кнігі «108 дзён і начэй у засценках КДБ».
Падставаю для правядзення такога пільнага агляду з’явіліся партыйныя матэрыялы, знойдзеныя памежнікамі ў аўтамабілі. У багажніку знайшлі таксама і 38 асобнікаў кнігі “108 дзён і начэй у засценках КДБ". Кнігі адправілі на экспертызу.
“Iнтрыга блiжэйшага часу, што знойдуць "эксперты" ў маей кнiзе "108 дзен i начэй у засценках КДБ"? Падрыў канстытуцыйнага ладу Беларусi цi праўду аб падаўленнi iншадумства i здзеках над апанентамi мясцовага правiцеля?!”
Працэдура адабрання кніг і складання пратакола доўжылася з 2 гадзін ночы да 5.20 раніцы.
А літаральна праз дзень у ягоную кватэру намагаліся патрапіць супрацоўнікі міліцыі, каб праверыць, як захоўваецца зброя палітыка.
– У тры гадзіны дня 10 траўня супрацоўнікі праваахоўных органаў спрабавалі прайсьці ў кватэру. Адзін зь іх прадставіўся капітанам з АБЭП. Я спытаў пра мэту. Яны сказалі: „Мы хочам праверыць, як вы захоўваеце зброю“, Я пытаюся: якую зброю? Яны адказваюць: „Ну, зброю. У вас ёсьць зброя, мы хацелі б праверыць, дзе яна ляжыць і як працуе сэйф“. Я кажу, што апроч кухонных нажоў у кватэры нічога няма. У рэзкай форме я ім адмовіў прайсьці ў кватэру. Пасьля гэтага мы заўважылі, што на вуліцы знаходзяцца людзі з рацыямі ў цывільным. Праз хвілін дваццаць жонка выйшла. Але ўжо нікога там ня ўбачыла. Я думаў, што будзе працяг нейкі гэтай тэмы, аднак пакуль усё спынілася, – цытуе словы палітыка “Радыё Свабода».
Лябедзька называе гэты інцыдэнт «псыхалягічным ціскам, бо нядаўна былі праверкі на мяжы».