Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі законапраект аб амністыі
13 траўня ён разглядаўся ў першым і другім чытаннях. Яго прадстаўляў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
У сераду, 13 траўня, у Палаце прадстаўнікоў разглядаўся законапраект "Аб амністыі ў сувязі з 70-годзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў". Яго прадстаўляў міністр унутраных спраўІгар Шуневіч. Ён нагадаў, што законапраект быў падрыхтаваны на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле слоў Шуневіча, асаблівасцю дадзенага законапраекта (у параўнанні з мінулагоднім) з'яўляецца тое, што пашырана катэгорыя асобаў, якія трапляюць пад дзеянне амністыі. Сярод іх — тыя, што былі асуджаныя за лжэпрадпрымальніцтва, але адбылі не менш за траціну тэрміна пакарання. Пад амністыю не трапяць тыя, хто здзейсніў цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, звязаныя з забойствамі, незаконным абаротам наркотыкаў, асуджаныя за сэксуальныя дзеянні ў адносінах тых, каму не споўнілася 16 гадоў.
Шуневіч: "Паводле папярэдніх разлікаў у ходзе рэалізацыі названага закона мяркуецца вызваліць каля 8 600 асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі — 2400 чалавек, з папраўчых установаў адкрытага тыпу — 715, і 5685 асуджаных, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчых інспекцыях у органах унутраных спраў".
Пытанняў да Ігара Шуневіча не было. Дэпутаты ўхвалілі законапраект у першым і другім чытаннях адзінагалосна.
Агулам дэпутаты сёння разглядаюць 14 пытанняў. Сярод іх — законапраект аб альтэрнатыўнай службе (другое чытанне). Яго прадстаўляў старшыня камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Уладзімір Васіленка. Таксама будуць уносіцца папраўкі ў некаторыя законы ў справе ўдасканалення сістэмы органаў пракуратуры (першае чытанне). Перад дэпутатамі выступіў генеральны пракурор Аляксандр Канюк.