viasna on patreon

Падпішыце петыцыю: Свабоду палітвязням у Беларусі!

2015 2015-05-18T11:21:08+0300 2015-05-21T14:09:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasna-libereco-fh-logo-01.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр “Вясна”, швейцарска-нямецкая асацыяцыя Libereco – Партнёрства за правы чалавека і незалежная праваабарончая арганізацыя Freedom House апублікавалі сумесную анлайн-петыцыю з патрабаваннем да прэзідэнта Беларусі Лукашэнкі вызваліць усіх палітычных зняволеных.

У цяперашні час у Беларусі па палітычных матывах за кратамі знаходзяцца шэсць чалавек. Сярод іх Мікалай Статкевіч, прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі за ажыццяўленне свайго права на свабоду выказвання меркаванняў і свабоду сходаў. Былы кандыдат знаходзіцца ў зняволенні з часу прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года.

Роўна чатыры гады таму, 18 траўня 2011 года, Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка былі прысуджаныя да сямі гадоў пазбаўлення волі кожны. Дзеянні абодвух маладых людзей, магчыма, маюць прыкметы правапарушэння, аднак іх абвінавачванні разглядаюцца як несправядлівыя, а прызначанае пакаранне як празмернае. Мы лічым, што іх зняволенне з’яўляецца палітычна матываваным.

З 2010 года па палітычных матывах знаходзяцца ў зняволенні Мікалай Дзядок і Ігар Аліневіч. Яны былі прысуджаныя да пяці з паловай і васьмі гадоў турэмнага зняволення адпаведна. Маладыя людзі з’яўляюцца актывістамі нефармальных палітычных групаў і, як і іншыя палітычныя зняволеныя, знаходзяцца пад пагрозай пераследу і запалохвання ў турме. У лютым 2015 года, усяго за некалькі дзён да заканчэння першапачатковага тэрміну турэмнага зняволення ў чатыры з паловай гады, паводле абвінавачання ў парушэнні турэмнага рэжыму адбыўся суд над Мікалаем Дзядком, які быў прысуджаны да яшчэ аднаго года пазбаўлення волі.

Апошнім на дадзены момант палітвязнем у Беларусі стаў Юрый Рубцоў. У кастрычніку 2014 года ён быў прысуджаны да паўтары гады пазбаўлення волі ў выніку несправядлівага судовага разбіральніцтва, непасрэдна звязанага з яго адвольным затрыманнем падчас мірнага сходу “Чарнобыльскі шлях-2014”.

Наяўнасць палітычных зняволеных і пераслед іншадумцаў з’яўляюцца сур’ёзнымі парушэннямі правоў чалавека. Будучы краінай, якая ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Беларусь абавязаная гарантаваць права на справядлівае і бесстаронняе судовае разбіральніцтва для ўсіх сваіх грамадзянаў, а таксама павінна была гарантаваць гэтае права падчас судоў над шасцю згаданымі вышэй палітычнымі зняволенымі.

Звернутая да прэзідэнта Лукашэнкі, петыцыя заклікае яго забяспечыць права на свабоду выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый для ўсіх людзей у Беларусі, а таксама вызваліць усіх палітычных зняволеных у Беларусі неадкладна і безумоўна.

Калі ласка, падпішыце анлайн-петыцыю, размешчаную на некалькіх мовах: беларускай, рускай, англійскай і нямецкай

Кантактная інфармацыя:

ПЦ “Вясна”: www.spring96.org – viasna@spring96.org

Freedom House: www.freedomhouse.org – press@freedomhouse.org

Libereco: www.lphr.org – media@lphr.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства