viasna on patreon

Pашэнне Віцебскага гарвыканкаму не адпавядае міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека

2015 2015-05-20T10:19:33+0300 2015-05-20T10:36:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/levinau-pavel-sud-fota.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Левінаў

Павел Левінаў

У сакавіку бягучага году праваабаронца Павал Левінаў паставіў перад Галоўным упраўленнем юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту пытанне наконт адпаведнасці рашэння Віцебскага гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску» дзейнаму заканадаўству. І праз месяц атрымаў адказ: рашэнне цалкам адпавядае Канстытуцыі краіны і міжнародным дамовам.

Варта адзначыць, што спадар Левінаў слушна ўзняў гэтае пытанне перад юрыстамі ўпраўлення юстыцыі. Бо рашэнне гарадзкога выканкаму №881 так спрытна складзенае чыноўнікамі, што з моманту яго прыняцця і аж дагэтуль, то бок на працягу 6 гадоў запар, грамадзяне не змаглі зладзіць ніводнага (!) масавага мерапрыемства ў Віцебску.

Праваабаронца аргумэнтавана паспрабаваў даказаць памылковасць заключэння галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму ад 28 ліпеня 2009 году наконт рашэння Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску» ў частцы яго адпаведнасці міжнародным дамовам.

Аднак начальнік упраўлення юстыцыі аблвыканкаму Сяргей Канапелька адхіліў усе прэтэнзіі праваабаронцы. На яго думку, у выніку праведзенай юрыдычнай экспэртызы ў дачыненні да рашэньня №881 упраўленнем вынесенае заключэнне, якое змяшчае абгрунтаваную выснову пра адпаведнасць гэтага рашэння міжнародным дамовам Рэспублікі Беларусь.

Сітуацыю пракамэнтаваў праваабаронца Леанід Свецік: «У артыкуле 2 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Беларуссю, выразна гаворыцца пра тое, што дзяржава абавязаная паважаць і забяспечваць усім асобам грамадзянскія і палітычныя правы. Да гэтых правоў, у прыватнасці, належыць права на арганізацыю і правядзенне пікетаў, мітынгаў і шэсцяў. Больш таго, дзяржава абавязаная прымаць такія законы і рашэнні, каб гэтае права грамадзяне маглі максімальна проста рэалізоўваць. Іншыя паводзіны з боку ўлады будуць успрымацца міжнароднай грамадзкасцю як нецывілізаваныя і недэмакратычныя».

«Магчыма, рашэнне Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску» фармальна адпавядае дзейнаму заканадаўству. Але фактычна гэтае рашэнне разбурае прынцыпы дэмакратычнай дзяржавы – усяляк спрыяць грамадзянам у рэалізацыі іхных правоў і свабод. Таму праваабаронца Павал Левінаў мае рацыю ў сваіх прэтэнзіях да рашэння, якое замінае рэалізацыі права грамадзян на масавыя мерапрыемствы ў Віцебску», – мяркуе Леанід Свецік.

Віцебская вясна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства