Праваабаронцу і рэжысэра будуць судзіць за «касмэтычку начных ваўкоў»
Праваабаронца Кацярына Садоўская і рэжысэр дакумэнтальных фільмаў, актывістка Вольга Мікалайчык атрымалі позвы з Цэнтральнага раённага суду Менску. На 26 траўня іх выклікаюць у суд за акцыю, якая прайшла каля расейскай амбасады 29 красавіка. Туды Вольга Мікалайчык аднесла пакунак з жаночымі рэчамі, які назвала «касмэтычкай начных ваўкоў». Кацярына Садоўская назірала за падзеяй як праваабаронца. Каб атрымаць «касмэтычку», з расейскай амбасады ніхто ня выйшаў, і жанчыны пакінулі пакунак каля ўваходу ды сышлі. Але пазьней іх дагнаў міліцыянт, які ахоўваў амбасаду, і забраў іхнія дакумэнты. Цяпер з позваў у суд праваабаронца і рэжысэр даведаліся, што яны нібыта парушылі правапарадак.
«Мяне асабіста абвінавачваюць у аказаньні супраціву міліцыі і брыдкаслоўі. Гэта караецца адміністрацыйным арыштам. Відаць, будуць саджаць, хоць пасьля затрыманьня 29 красавіка я ўжо адбыла ў пастарунку амаль да ночы. Мяркую, гэта робіцца на замову расейскай амбасады. Між тым мы нікога не абражалі, лаянкі і супраціву не было. Пакінулі нашы падарункі каля амбасады, крыкнулі „Слава Ўкраіне!“ ды сышлі. Гэта быў пэрформанс супроць прыезду да нас гэтых расейскіх „начных ваўкоў“, якія казалі, што забылі ў дарогу касмэтычку. Ну вось улады вырашылі, што я мушу за гэта адседзець», — сказала карэспандэнту Свабоды Вольга Мікалайчык.
Праваабаронца Кацярына Садоўская гэтак пракамэнтавала тое, што яе таксама выклікаюць у суд:
«Лукашэнка паказвае свой сапраўдны твар, як ён насамрэч ставіцца да падзеяў ва Ўкраіне, каго падтрымлівае, а каго перасьледуе», — мяркуе Кацярына Садоўская. Праваабаронца паведаміла, што мае агаласіць на судзе шэраг «цікавых хадайніцтваў» адносна кіраўніка беларускай дзяржавы.
Група расейскіх байкераў, якая называе сябе «Начныя ваўкі», напярэдадні Дня Перамогі зьбіралася праехаць празь Беларусь і Польшчу ў Бэрлін, дзе мелася правесьці шэраг мерапрыемстваў. У Беларусі «Начныя ваўкі» наведалі Курган Славы і разам з актывістамі БРСМ усклалі на помніку кветкі. У Польшчу большасьць расейскіх байкераў не прапусьцілі польскія памежнікі. Напярэдадні прыезду «начных ваўкоў» у Менск каля Кургана Славы актывісты правялі пікет пратэсту, за які адбыў 7 сутак адміністрацыйнага арышту актывіст Леанід Кулакоў.